Фота Сяргея Гудзіліна
Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні кантактаў з Францыяй, перш за ўсё ў эканамічнай сферы. Пра гэта сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка, прызначаючы Ігара Фісенку новым паслом у гэтай краіне, піша БелТА.
«Не скажу, што там вельмі высокі ўзровень нашага супрацоўніцтва, але ўсё-такі Латушка (папярэдні пасол) быў там прыкметны. Можна так сказаць. І ёсць нават канкрэтныя кірункі ў эканоміцы. Нас цікавіць перш за ўсё эканоміка», — адзначыў ён.
Ён пацікавіўся, ці зможа дадаць новы пасол па гэтым кірунку. У адказ на гэта міністр замежных спраў Уладзімір Макей ахарактарызаваў Фісенку як вопытнага чалавека па працы за мяжой, вельмі прафесійнага і стараннага. У якасці прыкладу былі прыведзены паспяховыя вынікі папярэдняй працы Ігара Фісенкі на пасадзе начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС. «Перакананы, што ён зможа далей прасунуць той пазітыўны пачатак, які заклаў Латушка», — сказаў міністр.
Гаворачы аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Францыяй, Уладзімір Макей адзначыў, што Павел Латушка спрыяў усталяванню кантактаў з шэрагам кампаній, якія дапамагаюць у прасоўванні беларускай тэхнікі на рынкі афрыканскіх краін, з якімі ў Францыі ёсць добрыя кантакты. Развіваюцца і іншыя формы эканамічнага ўзаемадзеяння, мае месца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, наладжана праца з дыяспарай.
***
Павел Латушка
Пасол у Польшчы (2002—2008), міністр культуры (2009—2012), пасол у Францыі (2012—2018).
Быў наймаладзейшым беларускім паслом. У афіцыйных стасунках паслядоўна карыстаецца беларускай мовай. Сябар Таварыства беларускай мовы.
Чытайце таксама: Пяць фактаў пра Паўла Латушку (2012)





