На адваротным баку Месяца прарасло насенне, якое даставіў туды кітайскі зонд Чан'э-4. Гэта першы вядомы паспяховы біялагічны эксперымент на паверхні спадарожніка.
Так пачаўся эксперымент кітайскіх навукоўцаў па стварэнні міні-біясферы на спадарожніку Зямлі, паведамляе агенцтва Сіньхуа.
Зонд Чан'э-4 утрымліваў насенне бавоўны, рапсу, бульбы і арабідопсіса, а таксама яйкі пладовай мухі і некаторыя дрожджы. Гэта павінна было, на думку навукоўцаў з універсітэта Чунцына, сфармаваць простую міні-біясферу.
Насенне знаходзіцца ў адмысловым герметычным кантэйнеры, устаноўленым у пасадачнай платформе. Унутры кантэйнера знаходзіцца невялікая камера. Парастак бавоўніка добра вырас, хоць іншыя расліны пакуль што не ўзышлі.





