5 студзеня ў Магілёве адбылася сварка, вынікам якой сталі колата-рэзаныя раны розных частак цела ў 42-гадовага магілёўца, уладальніка жылля. Раненні мужчыну нанесла яго родная сястра, 28-гадовая магілёўка, прадаўшчыца адной з крам горада, піша абласное УУС.

Жанчына прыйшла ў госці да сваяка ўжо моцна п'янай і пачала высвятляць з ім адносіны. У прыватнасці, магілёўцы не цярпелася падзяліць з братам кватэру, якая засталася пасля памерлай бабулі. Яна хадзіла следам за ім па кватэры, чаплялася да яго з пытаннямі, а калі мужчына пачаў мыцца ў ваннай, не жадаючы падтрымліваць дыялог, схапіла нож і пачала біць ім па розных частках цела, патрабуючы адказу. Мужчыну са шматлікімі ранамі забрала хуткая дапамога, жанчыну — супрацоўнікі міліцыі.

Магілёўку затрымалі. Жанчыне пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін ад трох гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад чатырох да васьмі гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0