Сяргей Пятрухін жыў, як многія, і не цікавіўся палітыкай. Некалькі гадоў таму Сяргей служыў у тэатры, потым працаваў вядоўцам на вяселлях, піша «Салідарнасць».
Сяргей Пятрухін, фота Рамана Чмяля, binkl.by
— Я быў «ватнікам», уважаў сябе за чалавека справядлівага і прыстойнага. Мяне не цікавіла палітыка: толькі б мяне не чапалі і давалі мне зарабляць. Ну, як звычайны беларус: «Жыву, у норку цягаю корм сабе, сваім дзеткам і жонцы. Не чапайце мяне», — успамінае ён.
Жыццё змянілася, калі ў доме, у якім ён жыў, паўстала праблема:
— Прайшлі тэрміны правядзення капітальнага рамонту. Дому было 50 гадоў, і ніхто не варушыўся. Парушэнні заканадаўства былі абуральнымі.
Сяргей пачаў перапіску з ЖЭСам і зразумеў, што ўлады не адпавядаюць таму, як яны сябе пазіцыянуюць у газетах:
— Я ўбачыў, што гэта нейкае залюстроўе.
Ён зняў фільм пра дом, у якім зрабілі такі рамонт, потым з'явіліся іншыя сюжэты.
— Чым больш я ў гэта ўцягваўся, тым больш разумеў, што ў нас усё перавернутае з ног на галаву. Чыноўнікі — гэта групоўка, часцей за ўсё, непрыстойных фігур, якія дзейнічаюць не ў інтарэсах людзей, і жывуць лепш, чым іх працадаўца — народ. Для гэтага яны часцяком нічога не робяць, не хочуць адказваць на пытанні і адгароджваюцца ад людзей адпіскамі.
У міліцыі, калі і ёсць нейкі адсотак прыстойных супрацоўнікаў, то ён вельмі малы. Я бачыў, як яны хлусяць у судах — нахабна, на загад начальства.
Сяргей кажа, што быў сведкам трагедый, калі ў людзей забіралі бізнэс, адпраўлялі ў турму. Ён успамінае гучную крымінальную справу берасцейца Сяргея Ярася, аб якім здымаў фільм з Аляксандрам Кабанавым.
— Сяргей Ярась у сваім двары ў прыватным сектары смажыў шашлыкі. Гэта было а шостай вечара ў панядзелак. Суседзі без папярэджання выклікалі міліцыю, паскардзіліся на гучную музыку. Прыехала міліцыя. Яны сказалі, што музыку зробяць больш ціхай, маўляў, ідзіце хлопцы, ніякіх праблем. Міліцыянты сышлі, вярнуліся з падмацаваннем, адкрылі там стральбу. Запырскалі людзям вочы газам. Сяргея збілі, зламалі яму рэбры. Хто яго біў, ён не бачыў.
Сам ён былы міліцыянт, ягоны бацька ўсё жыццё ў міліцыі працаваў. Мама Сяргея вырашыла не пакідаць гэта беспакараным. Пакуль у Берасці з імі змагалася, усё было ціха, але яна выйшла на Менск. Распачалі справу супраць міліцыянтаў, але неўзабаве яе закрылі. На Сяргея і ягонага сябра завялі справу, абвінаваціўшы ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.
Сяргей Ярась, фота з сямейнага архіва, TUT.BY
На судзе было характэрна тое, што міліцыянты цалкам памянялі паказанні, якія яны давалі на следстве. У Ярася было тры адвакаты. А суддзя адкідаў усе пытанні, якія задавалі адвакаты, на высвятленне важных абставінаў. Сяргею Ярасю далі два гады агульнага рэжыму, ягонаму сябру — тры гады «хіміі».
Сяргей Пятрухін адзначае, што суд над Ярасем быў адкрытым, але людзей прыйшло мала.
— Я мяркую, што гэта выклік грамадству. Гэта зроблена напаказ: глядзіце, мы творым што хочам.
Тое, што адбываецца ў Беларусі, народны рэпарцёр з Берасця ўспрымае як акупацыю.
— Усе чыноўнікі прызначаныя, народных дэпутатаў няма, улада рэдка рэагуе на спадзяванні людзей. Міліцыя — гэта апрычнікі, якія сочаць, каб народ жыў не паводле законаў, а паводле паняццяў — паводле іх правілаў. Ні суддзі, ні міліцыянты не даюць сябе здымаць. Ім сорамна, бо яны не суддзі, не праваахоўнікі, а чыноўнікі ў мантыях і форме, якім даюць загад кагосьці «мачыць», і яны яго выконваюць. Справядлівых судоў у нас практычна няма, выбараў няма. Так і выглядае акупацыя ў маім разуменні.
Сяргей Пятрухін называе злачынствам тое, што ў цэнтры Берасця дамы, пабудаваныя ў пачатку стагоддзя, прызналі аварыйнымі і аддалі інвестарам:
— Гарвыканкам адсяляў жыхароў гэтых дамоў на ўскраіну. Адзін дом я выратаваў ад такога рассялення. Людзям далі кватэры ў цэнтры, пасля таго, як гісторыя была раскрытая.
— Яшчэ была гісторыя, калі прызналі аварыйным першы паверх пяціпавярховіка ў цэнтры горада. Людзей рассялілі, а цэлы паверх аддалі пад крамы. Уяўляеце, які гэта абсурд?
За шэсць гадоў, якія Пятрухін здымае фільмы пра праблемы Берасця, прэсінг з боку сілавікоў ён адчуў, калі пачалося супрацьстаянне ўладаў і мясцовых жыхароў, якія пратэстуюць супраць запуску акумулятарнага завода.
АМАП у пад'ездзе Сярнея Пятрухіна, фота Уладзіміра Вялічкіна
— Раней міліцыянты мяне не чапалі. Я сябе пазіцыянаваў, як кажа Шуневіч, фрыкопам — добраахвотным памочнікам у барацьбе з карупцыяй.
Сяргей успамінае гісторыю, пра якую здымаў відэа:
— У цэнтры стаяў дом, там жылі тры сям'і. Сем'і рассялілі за кошт горада, то бок за наш кошт, падаткаплацельшчыкаў, а пляц аддалі чыноўніку з Дэпартамента фінансавых расследаванняў, які за год пабудаваў там дом.
Пятрухін апублікаваў гэтыя факты, але ўзнагароду ад дзяржавы — 50 базавых за дапамогу ў барацьбе з карупцыяй — так і не атрымаў:
— Сказалі, што своечасова не падаў заяву.
Апошні год Пятрухін працуе ў пары з Аляксандрам Кабанавым.
— Калі б яго не было, я б, напэўна, здаўся. Дзякуючы Сашу, якасць відэа нашмат палепшылася.
Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў
Першыя арышты Пятрухін атрымаў за асвятленне маршу «дармаедаў», адкуль вёў відэатрансляцыі. За мінулы год народны рэпарцёр адседзеў 23 дні і атрымаў штрафаў амаль на 3 000 даляраў.
— Кампанія, якая будуе акумулятарны завод, звярталася ў суд. Ён прызнаў, што мы прычынілі страты дзелавой рэпутацыі, і загадаў нам папрасіць прабачэння, але мы гэтага не зрабілі, — распавядае Сяргей. — Яшчэ штрафавалі за тое, што выйшаў на плошчу ў цішотцы з надпісам супраць завода АКБ, — 45 базавых. У стрыме мы з Кабанавым прыстрашылі, што выйдзем на плошчу, але не выйшлі. Суд расцаніў гэта як заклік і кожнага аштрафаваў на 50 базавых.
Аплачваць штрафы народным рэпарцёрам дапамагаюць актывісты кампаніі «Берасце супраць свінцу».
— Аднойчы сабралі за дзень 750 даляраў. Яшчэ хапіла на адваката, — успамінае Сяргей Пятрухін. — Адзін чалавек заплаціў за нас з Кабанавым чатыры штрафы — дзве тысячы даляраў. Гэтыя грошы нам перадалі знаёмыя. Мы вельмі яму ўдзячныя. Натхняе, што ёсць такія людзі, якія не могуць хадзіць на плошчу і карміць галубоў, але салідарныя з намі.
Сяргей Пятрухін, фота Рамана Чмяля, binkl.by
Пасля таго, як Сяргей з «ватніка» ператварыўся ў грамадзянскага актывіста, ад яго сышла жонка:
— У яе праца — яна баіцца. Нашаму сыну шэсць гадоў. Яе можна зразумець. У маім жыцці было ўсякае: выбітыя дзверы, ператрусы… Яна ратуе дзіця. І я ратую яго ад акумулятарнага завода, напрыклад, і ад жыцця ў краіне, дзе пануе самавольства.
Калі так будзе прадаўжацца, моладзі трэба з'язджаць адсюль, тут няма ніякіх перспектыў. Канстытуцыя нам гарантуе права на свабоднае развіццё асобы, а ўсё накіраванае на тое, каб чалавека паставіць у рамкі і зрабіць яго паслухмяным рабом, які ходзіць да выбарчай скрыні, за бляшанку тушонкі ці таму што на працы сказалі.





