Тэма: Наваполацкі ідэолаг нецвярозым наехаў на бардзюр?
Добры дзень, паважаная рэдакцыя, хочам падзякаваць вам за ваш артыкул пра ідэолага завода «Палімір» Сяргея Брыкуна.
У сувязі з тым, што ў яго выказваннях была закранутая наша арганізацыя — Беларускі Незалежны прафсаюз работнікаў ААТ «Нафтан», — мы б хацелі ў працяг гісторыі выказаць сваё меркаванне пра гэта.
Перш за ўсё, нам хацелася б падзякаваць Сяргею Канстанцінавічу Брыкуну за рэкламу. Мабыць, у яго сапраўды нешта здарылася, калі мы ўдастоіліся гонару быць прапіаранымі на ўсю краіну.
Даваць ацэнку здарэнню з яго удзелам мы не будзем. Хай гэта робяць праваахоўныя органы, дырэкцыя завода і ўлады горада. Ды і СМІ ужо ўсё напісалі.
Што тычыцца законных метадаў працы з незалежным прафсаюзам, пра якія казаў Сяргей Канстанцінавіч, то яны добра вядомыя на нашым прадпрыемстве. Сотні членаў нашага прафсаюза выпрабавалі іх на сабе. Шантаж, ціск і запалохванне.
Таму мы сапраўды хочам вырашаць пытанні «інакш», з выкананнем заканадаўства Беларусі аб працы, прафсаюза і канвенцый Міжнароднай арганізацыі працы.
Будзем вельмі ўдзячныя за публікацыю.
З павагай, Максім Пазнякоў, намеснік старшыні першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Нафтан»





