У Беларусь 16 студзеня прыляцеў датчанін Мікель Борг Б’ергсё — гэта адзін з найлепшых сусветных півавараў. Ён заснавальнік вядомага піўнога брэнда Mikkeller.
Мікель Борг Б'ергсё. Фота Andrea Shea/WBUR.
Мікель пачаў варыць піва для сябе ад 2003 года, а працаваў у гэты час звычайным настаўнікам. У 2006 годзе ён зварыў першае піва на продаж. І адразу ягонае піва Beer Geek Breakfast прызналі найлепшым у свеце стаўтам за год.
Мікель быў адным з рухавікоў крафтавай рэвалюцыі ў Еўропе. А піва ягонай вытворчасці стабільна ўваходзіць у сусветныя топы.
Цяпер Б’ергсё прыехаў у Мінск, каб зварыць піва сумесна з беларускім кантрактным броварам Midnight Project. Не так даўно беларусы ўвайшлі ў топ-50 найлепшых бровараў свету па адзнаках карыстальнікаў піўной сацыяльнай сеткі untappd.
Мабыць, гэта і дало магчымасць Midnight Project зварыць сумеснае піва з датчанамі. Гэта гонар і іміджавы поспех. Піва варылі на базе рэстарана «Хопс» у Каменнай Горцы.
Мікель Борг выстаўляе ў сваім інстаграме здымкі з Беларусі. Скажам шчыра, што фоты не самыя сонечныя і вясёлыя. Але мо датчанін убачыць у нашай краіне не толькі гэта.





