Дачытаў новую кнігу Андрэя Горвата «Прэм'ера». Хто не ў курсе, гэта такі модны беларускі пісьменнік. Служыў дворнікам у тэатры Купалы, потым кінуў мастацтва, з'ехаў у вёску, завёў казу і блог, і цяпер яго любіць ўся прагрэсіўная моладзь Беларусі.

У яго касмічныя тыражы па 10 000 асобнікаў. На свае вочы бачыў чаргу па яго першую кнігу. Піша строга па-беларуску.

Новая кніга — п'еса пра тое, як у тэатры Купалы ставяць спектакль па яго сцэнары.

Самая цікавая для мяне частка — тая, дзе Горват едзе ў Парыж.

Насамрэч ён не едзе ў Парыж.

Калі людзі «едуць у Парыж», у іх не бывае такога аглушальнага захаплення. У Горвата эмоцыі пілігрыма, ён выпраўляецца ў пілігрымку. Парыж для яго — як Храм Труны Гасподняй для верніка.

Дэталь — падчас паездкі яго мучыць страх, што Парыжа няма.

— Калі б Парыж існаваў, там жылі б усе. Калі ўсе не жывуць у Парыжы, значыць яго няма.

У Горвата вельмі шчыльны, насычаны тэкст. Ні складу лішняга. Але, калі ён піша пра Парыж, яго тэкст рассыпаецца, становіцца празрыстым і паэтычным, як у містыка, які перажыў азарэнне.

Горват горача закаханы ў Еўропу. Пры гэтым, у яго няма непрымання адносна уласнай вёскі і Мінска. На яго ментальнай карце глухая палеская вёска з казой і Мінск — гэта далёка ад Парыжа, але ў парыжскай арбіце.

Хутчэй за ўсё, Горват агучыў супольнае меркаванне маладых беларусаў пра сябе і сваю краіну. Калі б гэта было не так, яго ніхто б не чытаў.

P.S. пра «глыбокую інтэграцыю». Расія прапануе Горвату замест Парыжа паехаць у Петушкі. З чамаданам гарэлкі і «боярышніка», замест багета і бутэлькі віна. Не ўпэўнены, што яму і яго чытачам гэта спадабаецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?