Сын былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча — Віктар Януковіч-малодшы пахаваны на паўночнай ускраіне акупаванага Расіяй Севастопаля, яго магіла падобная на будучы сямейны склеп.

Сам помнік зроблены з чорнага мармуру, каля магілы стаяць дзве лавачкі і высаджаны некалькі соснаў. Месца пахавання знаходзіцца пад кругласутачнай аховай, таксама яно абсталяванае дзвюма камерамі, двума ліхтарамі і гучнагаварыцелем. Акрамя гэтага магілу ахоўвае вартавы сабака.

Як адзначаецца, на Брацкіх мемарыяльных могілках пахаваныя 50 тысяч удзельнікаў Крымскай вайны, якія абаранялі Севастопаль у 1854-55 гадах. Магіла Януковіча-малодшага выканана ў тым жа стылі, што і магілы графа, генерала-інжынера Эдуарда Тотлебена і расійскага генерала Сцяпана Хрулёва, якія з'яўляюцца героямі Крымскай вайны.

Па словах наглядальніцы, Януковіч пахаваны на могілках, якія належаць Свята-Нікольскаму храму. Гэты асобны ўчастак з зачыненымі варотамі прызначаны для новых пахаванняў: святароў і вернікаў царквы, нядаўна пахавалі мужа служыцелькі храма, якога забілі ў Сірыі.

У сваю чаргу скарбнік храма Вера Аляксандраўна удакладніла, што на гэтых могілках хаваюць толькі тых, хто хадзіў у Свята-Мікольскі храм, хто даваў ахвяраванне храму, людзей, якіх асабіста ведаў протаіерэй Георгій Палякоў, духоўнік ўсяго Чарнаморскага флоту Расіі, да якога асабіста прыязджаў і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, і Віктар Януковіч.

«Малодшы Януковіч тут пахаваны не таму, што ён Януковіч. А таму, што яны аказвалі вялікую дабрачынную дапамогу для храма. Яны прыязджалі сюды. І калі здарылася гора, і яны звярнуліся да бацюшкі за дапамогай, каб пахаваць яго, бацюшка не адмовіў, таму што дзеці Януковіча дапамаглі адрамантаваць дахі храма», — сказала скарбніца.

У той жа час каштуе месца на гэтых могілках нямала.

«Пяць нулёў. А перад нулямі лічба стаіць, я не ведаю. Як яны там малююць лічбы… У апошні раз хавалі ваякаў, якія загінулі ў Чачні, за іх «башляе» Міністэрства абароны. Там не прабіцца. Яму тэлефануюць, бацюшка вылучае для нейкіх супер-пуперлюдзей», — распавёў ахоўнік могілак.

Па словах мясцовых жыхароў, на могілках часта бачаць маці Віктара — Людмілу Януковіч. Яна жыве ў Крыме і даглядае за магілай.

«Усе хлопцы былі выратаваныя, ён усіх выратаваў, ён усіх выштурхнуў, а сам не паспеў, таму што машына ўжо адышла далёка. Цячэннем аднесла ад палонкі. І ён выбраўся з машыны, але згубіў у халоднай вадзе арыентацыю. Адзін ён з усіх загінуў. Усіх выратаваў, усе хлопцы маладыя, яны былі на пахаванні», — распавяла скарбніца храма падрабязнасці гібелі Януковіча-малодшага.

Паводле СМІ, 20 мая 2015 года ў Расіі, на возеры Байкал, у 200 метрах ад берага выспы Альхон пад лёд праваліўся аўтамабіль «Фольксваген». У выніку гэтага інцыдэнту загінуў 33-гадовы Віктар Януковіч-малодшы. Пяцёра пасажыраў аўто, па інфармацыі расійскай паліцыі, выратаваліся.

Цела сына Януковіча, паводле мас-медыя, на чартары накіравалі ў Сімферопаль з Іркуцкай вобласці, а затым перавезлі ў Севастопаль. Журналісты паведамлялі, што Януковіч прысутнічаў на пахаванні сына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?