Тэлеграм-каналы сталі даволі папулярнай з'явай літаральна ў апошнія месяцы і занялі асобную нішу сярод спосабаў дастаўкі інфармацыі.
Месенджар Паўла Дурава выглядае эфектыўным і простым, пазбаўленым стужкі: карыстальнік гарантавана бачыць апублікаванае паведамленне. Калі падпісаўся на канал, яно не губляецца, а вісіць напамінам.
Таксама тэлеграм пазбаўлены тыповых хібаў умоўнага твітара ці фэйсбука — у ім няма «ботаў», якія выкарыстоўваюцца для стварэння ілюзіі пэўнай грамадскай думкі: у тэлеграме зваротнай сувязі ў прынцыпе няма, толькі інфармацыя. Таму можна лічыць, што колькасць падпісантаў блізкая да рэальнай.
Павышаная сістэма бяспекі гарантуе аўтарам каналаў пэўную ступень ананімнасці, іх крыніцам — таксама.
Падпісвайцеся на тэлеграм-канал «Нашай Нівы» — аператыўна пра самае важнае мы пішам тут.
Але гэта ж азначае, што цалкам размываюцца стандарты падачы інфармацыі: ананімнасць не вымагае пільнай праверкі фактаў і адказнасці за апублікаванае.
Відаць, такая разняволеная падача інфармацыі ўперамешку з канспіралагічнымі дадумкамі і спрыяе шалёнаму росту каляпалітычных каналаў.
У суседняй Расіі, напрыклад, такія каналы маюць аўдыторыі ў сотні тысяч чалавек, ва Украіне людзі больш чытаюць каналы, якія расказваюць пра танныя падарожжы.
У Беларусі сітуацыя прамежкавая: у тройцы самых папулярных каналаў у нас адзін палітычны, адзін пра ежу, трэці — пра вандроўкі.
«Наша Ніва» прапануе падборку тых каналаў, якія спрабуюць асвятляць палітычныя тэмы праз тэлеграм. Ацэнку якасці і глыбіні кантэнту прапануем зрабіць чытачам.
Блог Арцёма Шрайбмана
4 тысячы падпісчыкаў. Канал палітычнага аглядальніка Tut.by Арцёма Шрайбмана, дзе ён выкладае свае думкі.
Адлічана
5 тысяч падпісчыкаў. Канал пра праблемы, жарты і рэаліі жыцця беларускіх студэнтаў. Вядзе студэнт трэцяга курса БДУІРа.
1863x
10 тысяч падпісчыкаў. Канал блогера Эдуарда Пальчыса.
Кульгавы Чорт
750 падпісчыкаў. Канал пазіцыянуе сябе як інсайдарскі. У апісанні на агрэгатары «Беларускі тэлеграм» аўтары называюцца супрацоўнікамі шэрагу дзяржаўных інстытутаў. Што дакладна за ведамствы — невядома. Але інфармацыя ахоплівае розныя сферы: ад сілавой да культурніцкай.
Паца-Ваца
700 падпісчыкаў. Агрэгатар кантэнту беларускіх каналаў. Першым апублікаваў інфармацыю пра тое, што спартсмэнкам Надзеі Скардзіна і Аляксандры Герасімені адмовілі ў рэгістрацыі радыёстанцый.
Не БТ
2 тысячы падпісчыкаў. Па самай папулярнай версіі, канал вядзецца журналістам Канстанцінам Прыдыбайлам, экс-супрацоўнікам «ЛайфНьюз» і Белтэлерадыёкампаніі. Цяпер ён працуе на адным з расійскіх радыё. Натуральна, інсайдаў з тэрыторыі Беларусі цяпер няма.
***
Разам з гэтым адзначым цікавую тэндэнцыю — у гэтую досыць кволую, але перспектыўную інфармацыйную нішу Беларусі спрабуюць прабіцца расіяне.
Калі раней усходнія сілы ўкідвалі сваю дэзынфармацыю пра Беларусь праз тэлеграм-каналы, арыентаваныя перадусім на іх унутраную аўдыторыю — кшталту «Нязыгара», — то сёння сітуацыя змянілася. Расійскія палітычныя колы працуюць на беларускім рынку з прадуктам, які або наўпрост арыентаваны на Беларусь, або які мімікрыруе пад беларускі, але насамрэч пішацца па расійскіх метадычках.
Прапануем падборку такіх каналаў, а таскама сціслы змест таго, пра што яны пішуць. Іх існаванне цікава хаця б таму, што дазваляе зразумець, матэрыялы ў якім ключы пра Беларусь замаўляюць рускія паліттэхнолагі.
Прыкладна ў адзін час з'явілася адразу некалькі такіх каналаў. Яны ўзаемна піяраць адзін-аднаго, у піяры ім дапамагаюць і буйныя расійскія палітычныя каналы, у чыёй аўдыторыі, можна думаць, ёсць беларусы.
Бульба Стальцоў
3500 падпісчыкаў. Канал «пра Беларусь і не толькі», як гаворыцца ў апісанні. Фактычна беларускі філіял «Нязыгара», свае фантазіі туды піша расійскі нацыяналіст Ягор Халмагораў, аўтар тэрміна «Руская вясна».
Халмагораў, фота politikus.ru
Беларускі інсайдар
500 падпісантаў. Назва канала не адпавядае зместу і выглядае аўтарскімі фантазіямі. Найхутчэй, яго вядзе тая самая кампанія журналістаў «Рэгнума» і «Царграда».
Беларускі гамбіт
1300 падпісантаў. Канал прыкладна той жа скіраванасці, кантэнт выдае расійскі інтарэс і аўтараў.
Трыкатаж
Маргінальны канал, які нядаўна трапіў у раскрутку іншых каналаў з расійскай сеткі. Асобныя пасты набіраюць па некалькі тысяч праглядаў.