Першая ў Беларусі персанальная выстава карцін вядомага музыканта, нязменнага лідара групы «Акварыум» Барыса Грабеншчыкова адкрыецца 29 студзеня ў Нацыянальным мастацкім музеі. 

Пачынаючы з канца 1980-х яго выстаўкі праходзілі ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Лондане, Нью-Ёрку. У аснову дэбютнай мінскай экспазіцыі пад назвай «Татэмы Зімагораў» увойдзе больш за 30 жывапісных работ апошніх гадоў, некаторыя з іх будуць экспанавацца ўпершыню.

«Карцінам Грабеншчыкова, як і яго песням, уласціва ўскладненасць вобразнай сістэмы, постмадэрнісцкая гульня з вобразамі. Асаблівую перавагу ён аддае жанру пейзажа, у якім дзіўным чынам аб'ядноўвае выяўленчую і музычную тканіну: колерапластычнае рашэнне работ набывае пазнавальныя абрысы яго меладычных ліній, ствараючы адчуванне дыфузіі святлопаветранага асяроддзя і гуку», - расказалі ў музеі.

Выстаўка будзе працаваць да 10 сакавіка. Яе экспазіцыйны рад будзе падтрыманы інструментальнай музыкай аўтара, створанай спецыяльна для музейнага праекта. Дарэчы, вядома, што некаторыя песні Барыс Грабеншчыкоў запісвае на грошы, атрыманыя ад продажу сваіх карцін. Таму асаблівыя знатакі яго творчасці пасля завяршэння выстаўкі змогуць набыць у аўтара ў свой прыватны збор работу, якая спадабалася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?