25 студзеня беларуская рэдакцыя радыё «Свабода» змясціла інтэрв’ю з Рыгорам Кертманам, вядучым аналітыкам расійскага фонду «Общественное мнение», у якім абмяркоўваліся вынікі нядаўняга апытання пра стан беларуска-расійскіх адносін, зладжанага гэтым фондам. Галоўны пасыл інтэрв’ю можна звесці да таго, што нядаўнія спрэчкі Мінска і Масквы наконт фармату двухбаковай інтэграцыі засталіся незаўважанымі расійскім грамадствам. Аднак, чытаючы вынікі гэтага даследавання, хочацца задацца пытаннем: а ці грамадская думка мае наогул нейкае значэнне ў гэтым пытанні?

Перад тым, як адказваць на гэтае пытанне, хачу падкрэсліць, што я не маю намераў падважваць аўтарытэт Грыгорыя Кертмана і фонду «Общественное мнение». Яны робяць сваю справу ў тых грамадска-палітычных умовах, якія існуюць у іх краіне. Іншая справа, што рэаліі Расіі паказваюць спачатную марнасць такіх даследаванняў. 

Здавалася б, цяперашняя Расія мае шматпартыйную сістэму, альтэрнатыўныя выбары розных узроўняў і пэўную ступень свабоды слова. Аднак у кантэксце рэальнага зместу расійскай палітыкі рэальнае значэнне маюць толькі прэзідэнцкія выбары, якія, па сутнасці, ператвараюцца ў чарговае пераабранне Пуціна. Усе іншыя выбары — ужо шмат гадоў як другасныя, бо яны сутнасна не ўплываюць на змест замежнай палітыкі Расіі. Наадварот, усе ўладныя структуры і дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі неабходныя, хутчэй, каб абслугоўваць і інфармацыйна падтрымліваць такі курс.

У выніку роля расійскага электарату сканчваецца з чарговым абраннем на царства Пуціна, пасля чаго ён ператвараецца ў натоўп назіральнікаў. Хтосьці з іх актыўна ці не надта падтрымлівае праўладны курс, хтосьці з розных прычынаў не лезе ў палітыку, хтосьці проста назірае за тым, што адбываецца, а хтосьці з'язджае з краіны. Тут варта задацца пытаннем: а якім чынам расійская грамадская думка наогул уплывае на замежнапалітычныя дзеянні Крамля падчас палітычных крызісаў унутры нейкай краіны ці пры ўзнікненні праблемаў у яе дачыненнях з Расіяй? Тут не варта абмяжоўвацца Украінай, Сірыяй ці Грузіяй, дзе дайшло да выкарыстання войска. Маюць значэнне і больш «банальныя» прыклады ўнутрыпалітычных крызісаў ці гандлёвых войнаў — Венесуэла, Арменія, Малдова ці Беларусь. 

За часоў Пуціна-Мядзведзева расійскае грамадства заўсёды ставілі перад фактамі фарміравання той ці іншай замежнапалітычнай праграмы і яе практычнага ажыццяўлення. Расійскае грамадства, у сваю чаргу, ці вітала гэта на хвалі адпаведнай прапагандысцкай кампаніі, ці проста з'ядала, бо іншых варыянтаў не было. Аднак пра нейкі рэальны ўплыў грамадства на прыняцце рашэнняў замежнапалітычнага характару гаварыць нельга. Гэта сведчыць пра тое, што ў цяперашняй Расіі сістэма ўлады настолькі самадастатковая, што для яе не мае асаблівага значэння, які адсотак грамадства падтрымае яе ў замежнапалітычных дзеяннях — 35, 60 ці 99. Рэшта расійскага грамадства гэта проста з'есць, а гатовых неяк пратэставаць — вобмаль, і шмат хто з іх выціснуты за мяжу. У рэальнасці такая тактыка выглядае наступным чынам. Спачатку расійскія ўлады ставяць усіх улучна з уласным грамадствам перад фактам, а потым выкарыстоўваюць свае магчымасці дзеля таго, каб легітымізаваць свае дзеянні. Карыстаючыся рыторыкай аднаго палітыка — спярша «нагінаюць», а потым спрабуюць пераканаць публіку ў высакароднасці сваіх учынкаў з дапамогай дыпламатыі і прапагандысцка-інфармацыйнай машыны.

У кантэксце Беларусі і цяперашняга крызісу ў адносінах з Расіяй варта падкрэсліць яшчэ адну важную акалічнасць. Абсалютная бальшыня расійскага грамадства ўспрымае Беларусь як «братні народ». Для іх гэтая спрэчка Мінска і Масквы не ёсць чымсьці вельмі істотным. З аднаго боку, расійскае грамадства апрыёры не будзе супраць глыбейшай інтэграцыі з Беларуссю. З другога — бальшыня расійскага грамадства не будзе бачыць праблемы ў факце незалежнасці Беларусі да таго моманту, покуль тая застаецца ў геапалітычным полі Расіі. А паколькі з цяперашняй спрэчкі аніяк не вынікае змена геапалітычнага вектару Беларусі, няма падставаў для паўнафарматнага запуску расійскай прапагандысцка-інфармацыйнай машыны.

Любыя гіпатэтычныя дзеянні Крамля супраць Беларусі (гэта не абавязкова будзе палітычным паглынаннем) будуць складацца са спробы паставіць публіку перад фактам і ў далейшым легітымізаваць свае дзеянні праз дыпламатычныя і прапагандысцкія сродкі. Важна разумець, што цяперашняе расійскае грамадства не будзе супрацьстаяць Крамлю ў ажыццяўленні ім нейкіх геапалітычных ініцыятываў датычна Беларусі. Лічбы сацыялогіі не маюць асаблівага значэння, а расійскае грамадства не будзе абаронцам беларускай незалежнасці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?