Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім абвесціла пра свой намер удзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах. Хто ж такая спадарыня Анісім?

Алена Анісім. Фота Сяргея Гудзіліна.

Алена Анісім. Фота Сяргея Гудзіліна.

Зямлячка Якуба Коласа, была ў Майстроўні

Алена Анісім нарадзілася ў 1962 годзе ў вёсцы Савоні Стаўбцоўскага раёна, на той час гэта было паселішча ў 90 двароў. Гэта недалёка ад Мікалаеўшчыны Якуба Коласа. Бацькі працавалі настаўнікамі. Мама выкладала матэматыку, бацька — мовы. Яе дзявочае прозвішча — Амельчыц.

Пасля школы Анісім паступіла на вучобу на філфак БДУ. На той час на факультэце ўтварылася моцная суполка «Майстроўня» — нефармальнае моладзевае згуртаванне, якое ставіла за мэту адраджэнне беларускай мовы, а ўрэшце — здабыццё краінай незалежнасці.

«У «Майстроўні» Алена кім толькі ні была: спявачкай, удзельніцай усіх імпрэзаў», — згадваў у сваёй кнізе Сяргей Дубавец.

«Я вельмі шчаслівая тым, што нарадзілася ў сваёй краіне. Я вельмі шчаслівая тым, якія ў мяне аднавяскоўцы, сябры са школы. І вельмі шчаслівая тым, што ў маім жыцці была Майстроўня. Бо калі такія рэчы ёсьць у маладосці, можна толькі зайздросціць самому сабе», — казала сама Анісім.

Намесніца Трусава, дэпутатка парламента

Свядома на беларускую мову Анісім перайшла яшчэ ў пачатку 1980-х. Яна кажа, што такі пераход не быў вельмі лёгкім, хоць яна і прывыкла размаўляць па-свойму ў вёсцы. «Нельга быць увесь час раздвоеным — таму я пайшла далей», — казала яна.

Ад 1991 года Анісім працуе ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук. З’яўляецца намесніцай Алега Трусава ў Таварыстве беларускай мовы, адной з найбуйнейшых недзяржаўных арганізацый краіны. Таксама Алена Анісім нейкі час вяла перадачу «Беларуская мова» на тэлеканале АНТ.

Толькі ў кастрычніку 2017 года Алена Анісім ужо сама ўзначаліла ТБМ, калі Алег Трусаў вырашыў крыху адпачыць ад грамадскай дзейнасці.

У 2016-м Анісім стала дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў. На яе Стаўбцоўскай акрузе ўлада не вылучыла свайго кандыдата. Таму ў выніку Анісім набрала больш за 40% галасоў і прайшла ў парламент.

Маці трох сыноў

У Алены Анісім трое сыноў, ніхто з іх, праўда, не займаецца грамадскай дзейнасцю. Як ніхто з іх не атрымаў і вышэйшай адукацыі. Старэйшы займаецца рамонтам аўтамабіляў, сярэдні — працуе ахоўнікам. Малодшы адвучыўся на краўца, працаваў на фабрыцы «Калінка», а цяпер рамантуе мабільныя тэлефоны.

З мужам Алена пазнаёмілася яшчэ падчас студэнцтва, пабраліся на пятым курсе. Муж у свой час займаўся бізнэсам, ён скончыў мехмат.

Жыве дэпутатка ў чатырохпакаёвай кватэры ў мінскім мікрараёне Паўднёвы Захад. На закупы ходзіць у бліжэйшы «Еўраопт». На шопінг за мяжу, кажа, што ніколі не ездзіць, бо любіць беларускія тавары. Гатуе кожны дзень.

«Я ні ў якім разе не феміністка», — кажа яна.

Глядзі таксама: Сямейныя сакрэты дэпутаткі Алены Анісім

Ужо спрабавала вылучацца ў прэзідэнты

Летам 2014 года прайшла нечаканая інфармацыя, што Алена Анісім будзе вылучацца кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах. Сама яна гэтага не адмаўляла.

«У палітыку ісці мне не страшна, бо я ўжо досыць пажыла, тое-сёе маю за плячыма, як у асабістым, гэтак і ў прафесійным, ты разумееш, ці табе спыніцца на пэўным узросце, ці расці далей», — казала яна ў інтэрв’ю «Нашай Ніве».

Пасля гэтага, у тым ліку намаганнямі Анісім, былі праведзеныя некалькі сесій Кангрэсу за незалежнасці, але асаблівай папулярнасці яны не займелі.

Праўда, да вылучэння справа так і не дайшла. «Я разумею, што ў дадзенай сітуацыі перамогу атрымаць немагчыма, а я звыкла дасягаць поспеху ў любой справе, за якую бяруся», — сказала Анісім у чэрвені 2015 года.

Перанесла цяжкую аперацыю

У пачатку года Алена Анісім перанесла аперацыю. Праўда, не кажа якую менавіта. «На шчасце, дыягназ не самы страшны. Але я неяк усё вельмі цяжка перанесла, і перыяд аднаўлення быў няпростым, з ускладненнямі», — казала яна. Перад гэтым у яе яшчэ была аперацыя на воку. «Калі прыйшла ў Палату, то столькі працы, столькі стрэсаў», — тлумачыць яна свой стан здароўя.

Летам у Анісім быў канфлікт з бізнэсоўцам Аркадзем Ізраілевічам, які абвінаваціў дэпутатку ў распальванні антысемітызму. Праўда, потым Ізраілевіч выбачаўся і дарыў Анісім кветкі, але пазоў супраць газеты «Новы час» так і не адклікаў.

У Палаце прадстаўнікоў Анісім распрацавала першы законапраект на дзвюх мовах «Аб нарматыўна-прававых актах», але іншая дэпутатка, ураджэнка Расіі, Наталля Гуйвік зарэзала гэтую ініцыятыву Анісім.

Анісім была сярод тых, хто галасаваў супраць так званага «дэкрэта аб дармаедах». Не падтрымала яна і змены ў заканадаўства аб СМІ наконт таго, што цяпер усе каментатары абавязаныя прывязваць свой нік да нумара тэлефона.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?