Намеснік кіраўніка МЗС Беларусі Алег Краўчанка пацвердзіў, што Беларусь зняла абмежаванне на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску. Пра гэта дыпламат заявіў, выступаючы на панельнай дыскусіі «Атлантычнай рады» ў Вашынгтоне 31 студзеня.
Алег Краўчанка, фота: МЗС.
— У нас няма графіка, мы яшчэ падыходзім да рашэння сумесна з амерыканскім бокам — вярнуць паслоў. Канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае. Калі будзе прынята? Працэс зойме месяцы, калі не гады. Хутчэй за ўсё, гады, да таго як мы ўбачым паслоў у абедзвюх сталіцах.
Таксама Алег Краўчанка паведаміў, што не выключае таго, што бязвізавы ўезд у Беларусь распаўсюдзіцца і на наземныя межы. Аднак, як адзначыў дыпламат, гэта таксама доўгі працэс.
— Спадзяюся, што гэта адбудзецца раней, чым пазней, — заўважыў прадстаўнік МЗС.
Нагадаем, 11 студзеня амерыканскі часопіс Foreign Policy паведаміў, што кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей 10 студзеня апавясціў Вашынгтон пра зняцце абмежаванняў на колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Мінску.