1 лютага ў Мінскім гарадскім судзе з апошнім словам па «справе медыкаў» выступілі экс-намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі і былы галоўны доктар гарадской стаматалагічнай паліклінікі №12 Уладзімір Краўчонак. Абодвух судзілі за хабар, які яны бралі ад кіраўнікоў фірмаў, што пастаўляюць медабсталяванне, піша Еўрарадыё.

Ігар Ласіцкі, фота Волі Афіцэравай

Ігар Ласіцкі, фота Волі Афіцэравай

У сваім апошнім слове Уладзімір Краўчонак папрасіў не адпраўляць яго ў калонію. Ён сказаў, што раскайваецца «ва ўсіх эпізодах сваіх супрацьпраўных дзеянняў, пра якія паведаміў дабравольна».

Уладзімір Краўчонак, фота Волі Афіцэравай

Уладзімір Краўчонак, фота Волі Афіцэравай

 «Прашу высокі суд прызначыць мне больш мяккі прысуд, чым прадугледжае маё злачынства, па якім мяне абвінавачваюць… Так, я згодны несці крымінальную адказанасць за свае дзеянні. Але прашу прызначыць мне іншае пакаранне замест пазбаўлення волі. Прашу ўлічыць яўку з павіннай, чыстасардэчнае прызнанне.., маю сумленную працу ў сферы аховы здароўя, наяўнасць дачкі-студэнткі, бацькоў у сталым узросце, якім патрэбны догляд. У маці ўчора здарыўся інсульт. Мая праца прынясе людзям больш карысці, чым маё знаходжанне за кратамі…Ёсць пагаворка: «Павінную галаву меч не сячэ». Прашу не сячы маю галаву».

Ігар Ласіцкі ў сваім апошнім слове заявіў, што прызнае віну і «не збіраецца аспрэчваць ніводны эпізод». «Выбачаюся перад судом за жаль да сябе. Складаныя жыццёвыя абставіны аслабілі кантроль, таму я здзейсніў злачынства. Хачу, каб суд улічыў стан майго здароўя і заслугі перад айчынай».

Пракурор Юрый Шарснёў папрасіў пакараць Ігара Ласіцкага 6 гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму, Уладзіміра Краўчонка — 5 гадамі зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Шарснёў адзначыў, што абодва абвінавачаныя прызналі сваю віну, напісалі яўкі з павіннай ды супрацоўнічалі са следствам, кампенсавалі нанесеныя дзяржаве страты.

Прысуд па справе Ігара Ласіцкага і Уладзіміра Краўчонка агучаць 8 лютага.

Згодна з агучанымі матэрыяламі справы, сумы «ўзнагароджанняў», якія бралі Ласіцкі і Краўчонак, вар'іраваліся ад 300 рублёў да €15 000.

Былому намесніку міністра Ласіцкаму ставяць у віну ч. 3 арт. 430 КК РБ (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду).

У абвінавачанні фігуруе эпізод перадачы яму хабару ў $2000 ад Краўчонка — нібыта за дапамогу ва ўрэгуляванні пытання, звязанага з клінічнымі выпрабаваннямі новых зубных імплантатаў.

Ласіцкі прызнаўся, што ён выдаткоўваў атрыманыя грошы на лячэнне некрозу галоўкі тазасцегнавага сустава і аплаты вучобы сына ў БДМУ. Ад ліпеня 2018 года экс-намеснік мінсітра знаходзіцца пад вартай. 

Былога галоўнага доктара Краўчонка абвінавачваюць па двух артыкулах: чч. 2 і 3 арт. 430 (атрыманне хабару паўторна, у асабліва буйным памеры), ч. 2 арт. 424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК.

Краўчонак правёў у СІЗА 4 месяцы, а з кастрычніка 2018 года пераведзены пад хатні арышт, працуе стаматолагам у 7-й стаматалагічнай паліклініцы. У пачатку студзеня стала вядома, што Краўчонак заключыў дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. Ён прызнаўся, што на атрыманыя грошы адпачываў з жонкай у санаторыі і за мяжой, а таксама аплачваў навучанне дачкі ў медуніверсітэце.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?