Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы сёння даклад аб перспектывах развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі, раскрытыкаваў уведзены нядаўна ў школах адзіны дзень інфармавання «Школа актыўнага грамадзяніна» (ШАГ), піша БелТА.
«Ваш гэты ШАГ, які вы ўвялі, так званая «Школа актыўнага грамадзяніна» - гэта асобная размова. Гэта павінна пранізваць усе курсы: ад матэматыкі да гуманітарных дысцыплін. Гэта трэба выкладаць на кожным уроку па кожным курсе, фарміруючы грамадзянскую пазіцыю чалавека, а не вылучэннем нейкага асобнага курса - «Школа актыўнага грамадзяніна», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што сам па сабе гэты праект быццам і нядрэнны. Але ён засумняваўся, ці гатовы настаўнікі займацца ім. «Вы аб гэтым падумалі? І што, пасля таго як вы прыдумалі ў Мінадукацыі гэты ШАГ, яны будуць выкладаць на ім? Для гэтага ў нас ёсць гістарычныя дысцыпліны, ёсць літаратура і гэтак далей. Там трэба выкладаць элементы гэтых ШАГоў, сям'ю трэба задзейнічаць і сродкі масавай інфармацыі, каб сфарміраваць гэтага актыўнага грамадзяніна», - лічыць кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама выказаў шэраг крытычных заўваг да іншых курсаў, у тым ліку па асновах бяспекі жыццядзейнасці.
«Надуманасць замест таго, каб развіваць, пашыраць тое, што ўжо апрабавана жыццём, і тое, што патрэбна будзе заўтра», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.





