У Крамлі на самым высокім дзяржаўным узроўні адзначылі 10-годдзе інтранізацыі Патрыярха Маскоўскага Кірыла. Нагаварылі кучу з коптурам кампліментаў, але, думаю, сам Кірыл разумее, што не ўсё так добра.

Я не пра падзенне аўтарытэту-рэйтынгу — яго асабістага і ўзначаленай ім Царквы, я пра тое, як складваюцца адносіны РПЦ і яе прадстаяльніка з іншымі праваслаўнымі цэрквамі.

На сёння, акрамя і Маскоўскай, мы маем 14 аўтакефальных праваслаўных цэркваў на чале з Канстацінопальскай, або Усяленскім Пасадам. У Маскву, каб павіншаваць Кірыла асабіста, прыехалі прадстаяльнікі толькі трох цэркваў — Антыяхійскай (Сірыя), Сербскай ды Чэшскіх земляў і Славакіі.

Першая з гэтых трох цэркваў жыве пад уладай сірыйскага дыктатара і саюзніка Масквы Асада. Другая Царква, Сербская, падтрымлівае Маскву ў супрацьстаянні з Фанарам, бо не хоча, каб Усяленскі Пасад даў аўтакефалію цэрквам Паўночнай Македоніі і Чарнагорыі.

Нарэшце, Царква Чэшскіх земляў і Славакіі ніяк не можа вылузацца з маскоўскіх абдымкаў.

Не прыехалі на Кірылава свята прадстаяльнікі адзінаццаці цэркваў. Не будзем лічыць грузінскага Патрыярха-Каталікоса Іллю ІІ, у якога цяжкая хвароба, а вось ачольнікі іншых чатырох цэркваў — Александрыйскай, Румынскай, Балгарскай і Польскай — таксама палічылі за лепшае адправіць у Маскву сваіх падначаленых.

Яшчэ шэсць цэркваў — Канстанцінопальская, Ерусалімская, Кіпрская, Эладская, Албанская і Украінская — наогул не былі прадстаўленыя на святкаванні.

Што тычыцца Канстанцінопальскай і Украінскай цэркваў, то ім, з усёй пэўнасцю скажам, запрашэнне не высылалі, а што тычыцца Ерусалімскай, Кіпрскай, Эладскай ды Албанскай цэркваў, то яны, якія адносяцца да грэчаскіх, сваёй непрадстаўленасцю ў Маскве, пэўна, выказалі салідарнасць з Канстанцінопалем. І з Праваслаўнай Царквой Украіны.

Назіральнікі заўважылі, што рыторыка Кірыла ў дачыненні да Канстанцінопаля памякчэла.

Гэта, мабыць, тлумачыцца тым, што згуртаваць вакол сябе большасць праваслаўных цэркваў, сабраць іх прадстаяльнікаў у Маскве, паспрабаваць навязаць ім свой парадак дня ды ўчыніць калектыўны афронт Канстанцінопалю не ўдаецца. Не можа стаць Маскоўская Царква гегемонам праваслаўя.

Прыезд-непрыезд прадстаяльнікаў праваслаўных цэркваў і ўпаўнаважаных прадстаяльнікамі архірэяў на Кірылава свята ў Маскву, можна думаць, паказвае таксама, якія цэрквы раней, а якія пазней прызнаюць аўтакефалію Праваслаўнай Царквы ва Украіне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру