35-гадовы гродзенец прыехаў да сваёй сваячкі ў вёску Навумавічы, каб папаляваць. На паляванні мужчына выпіў, але яму не хапіла. Калі алкаголь скончыўся, грамадзянін вырашыў купіць дадатковую дозу. Для гэтага ён накіраваўся ў краму, піша мясцовая міліцыя.
Увайшоўшы ў краму, мужчына не ўтрымаўся на нагах, упаў на шкляны прылавак, разбіўшы яго, а затым стаў патрабаваць ад прадаўца пляшку гарэлкі «на вэксаль». Жанчына адмовіла, тады мужчына паказаў прадаўцу на ружжо, якое ляжала ў чахле, і сказаў, што зарадзіць яго і адкрые агонь, калі яна адмовіцца выдаць спіртное.
Гучныя гукі пачуў супрацоўнік крамы, які накінуўся на мужчыну са стрэльбай. У гэты момант прадавец патэлефанавала свайму мужу, і той дапамог скруціць паляўнічага.
На месца прыбылі праваахоўнікі. Стрэльбу канфіскавалі.
У дачыненні да мужчыны распачата крымінальная справа па артыкуле «Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці».





