«Працоўную падрыхтоўку ў школах неабходна пашыраць», — пра гэта Аляксандр Лукашэнка гаворыць з года ў год, і гэта азначае, што праблема не здымаецца. Магчыма, ва ўладных кабінетах проста не разумеюць, у чым там праблема. А яна простая, дакладней, іх дзве.

Хто здольны выкладаць працу ў хлопчыкаў? Мужчыны, якія разбіраюцца ў тэхніцы і ўмеюць працаваць рукамі. Але такія людзі лёгка знаходзяць працу з вышэйшым заробкам і лепшымі перспектывамі росту па-за школамі. І калі яшчэ настаўніцы, дапусцім, геаграфіі трымаюцца ў школах, бо з іх спецыялізацыяй іншую працу знайсці не так і проста, то пры цяперашніх заробках утрымаць мужчыну-працавіка «без шкодных звычак» у школе ў вялікім горадзе немагчыма. У школу, дзе вучыцца Мікалай Лукашэнка, можа быць, КДБ і Карпенка кагосьці і накіравалі, але ў звычайнай мінскай гімназіі працу выкладаюць — робяць выгляд, што выкладаюць — першыя лепшыя людзі.

Другая праблема — тэхніка. Гэта толькі на паперы яна ёсць, а на справе станкі 70-х даўно не працуюць, падтрымліваць іх у працоўным стане няма каму.

У выніку ўсе гады навучання на ўроках працы мой сын складаў канструктары. Прыносілі дзеці сваё «Лега» і збіралі пад наглядам настаўніка біялогіі. Вось і ўсё працоўнае навучанне. 

І гэта ў пілотнай гімназіі ў цэнтры Мінска. Гэта проста прывучэнне да таго, што можна нечым займацца ў парадку прафанацыі. 

Гэта ў савецкі час людзі не мелі выбару: паслалі іх працаваць у школу, яны працавалі ў школе. А цяпер эканоміка рынкавая.

Пакуль заробкі настаўнікаў настолькі ніжэйшыя — і гэта мякка кажучы, чым сярэднія па краіне, праблема якасці адукацыі ў Беларусі не вырашыцца.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру