Рускамоўныя жыхары новага 203-га мікрараёна Якуцка (Якуція, Расія) не могуць аддаць сваіх дзяцей у школу, таму што побач з іх дамамі ёсць толькі нацыянальная школа «Айыы Кыhата», дырэктар якой адмаўляецца адкрываць класы з выкладаннем на рускай мове для дзяцей, якія не ведаюць якуцкай, і кажа, што месцаў няма, піша News.Ykt.Ru.

Рускія школьнікі, што жывуць у мікрараёне, ездзяць у іншыя школы, альбо ходзяць у філіял школы №33, які знаходзіцца на другім паверсе корпуса, над крамай і аптэкамі. Бацька аднаго з навучэнцаў паскардзіўся ў пракуратуру, і цяпер філіял могуць закрыць за неадпаведнасць памяшкання правілам бяспекі.

Адміністрацыю школы «Айыы Кыhата» падтрымліваюць бацькі-якуты. У лютым яны запланавалі мітынг у падтрымку навучання на роднай мове.

«Парушаюцца канстытуцыйныя правы дзяцей на навучанне і выхаванне на роднай мове, — сказаў выданню прадстаўнік бацькоўскага камітэта школы «Айыы Кыhата» Уладзімір Ю. — Мы супраць, паколькі гэта супярэчыць канцэпцыі навучання ў «Айыы Кыhата». Дзеці паступалі менавіта ў нацыянальную школу. І зараз такая сітуацыя: без ведама бацькоў можа цалкам змяніцца праграма навучання і выхавання».

Бацькам рускамоўных дзяцей прапанавалі пачакаць два гады, пакуль у раёне не пабудуюць яшчэ адну школу.

Маці школьніка Ізабэла Рожына таксама лічыць, што канцэпцыя школы павінна застацца ранейшай.

«Мы, бацькі, вельмі доўга чакалі адкрыцця новага будынка школы «Айыы Кыhата», — падзялілася Ізабэла Рожына. — Для нас гэта была сапраўды доўгачаканая падзея. Спадзяемся, што канцэпцыя навучання ў нашай школе не зменіцца і застанецца ранейшай».

«Усе, хто звязаны з «Айыы Кыhата», марылі пра адкрыццё ўласнага будынка школы 14 гадоў, — тлумачыць Рожына. — І я вельмі рада, што маё дзіця можа вучыцца на роднай мове. Якуцкая мова — з улікам таго, што яна з'яўляецца ў нашай рэспубліцы другой дзяржаўнай, — такая ж важная, як і руская. Зараз у нашым горадзе каля 50 школ, і з іх толькі ў некалькіх навучанне і выхаванне вядзецца на якуцкай мове».

Клас
1
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру