Пракуратура Валожынскага раёна 5 лютага накіравала ў суд крымінальную справу па абвінавачванні 81-гадовага жыхара гарадскога пасёлка Івянец у незаконным збыце паляўнічай стрэльбы.

Фота: Pixabay.

Фота: Pixabay.

Пенсіянер прадаў сваю зарэгістраваную гладкаствольную стрэльбу ІЖ-58 16 калібру, каб падрыхтавацца да смерці. На атрыманыя грошы дзядуля купіў чаравікі і труну.

Пракурор Валожынскага раёна Юрый Канапацкі распавёў карэспандэнту Млын.by:

— Абвінавачаны — паляўнічы. Жыве ў Івянцы з жонкай. Стрэльба ў яго зарэгістравана, захоўваў ён яе законна, а вось прадаваў, парушаючы закон. Сам пенсіянер растлумачыў на папярэднім расследаванні, што 25 лістапада 2018 года на рынку расіянін са Смаленскай вобласці сам пацікавіўся, дзе можна купіць паляўнічую стрэльбу. Вось дзядуля яму сваю і прапанаваў. Потым казаў: «А навошта яна мне? Толькі ляжыць і ржавее».

Па словах Юрыя Канапацкага, расеец заплаціў за гэту стрэльбу 200 рублёў. У яго ж пенсіянер купіў сабе чаравікі за 30 рублёў, а ў краме — труну і два крыжы.

Пенсіянеру ставяць у віну ч. 2 арт. 295-1 КК Беларусі (Незаконны збыт паляўнiчай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі).

Злачынства караецца штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?