Затрымалі дваіх жыхароў сталіцы, якія арганізавалі «бізнэс» па ўхіленні ад падаткаў.

Двое мужчын рэгулярна адкрывалі фірмы на падстаўных асобаў, выкарыстоўваючы асацыяльных элементаў і наркаманаў. За афармленне «кіраўнік» такой фірмы атрымліваў ад 100 да 300 даляраў. Сёння, дарэчы, на шэраг «кіраўнікоў» заведзеныя крымінальныя справы за распаўсюд наркотыкаў, паведамляе Камітэт дзяржкантролю.

Пасля рэгістрацыі лжэпрадпрымальніцкіх структур удзельнікі злачыннай групы на замову сваіх партнёраў афармлялі падробленыя бухгалтарскія дакументы: нібыта ажыццяўляюцца гаспадарчыя аперацыі.

Да паслуг арганізатараў звярталіся камерцыйныя прадпрыемствы, якія працавалі ў розных сферах: перапрацоўка і рэалізацыя чорных і каляровых металаў, аптовы гандаль аўтазапчасткамі і камплектуючымі для грузавых аўтамабіляў і сельгастэхнікі, у тым ліку пастаўка запчастак дзяржпрадпрыемствам.

Напрыклад, прадпрыемства закупляла за наяўны разлік у Расіі аўтазапчасткі і прадавала іх беларускім суб'ектам гаспадарання. Пры гэтым у бухгалтарскі ўлік фірмы-прадаўца змяшчаліся фіктыўныя дакументы, якія скажалі памер выдаткаў.

За дапамогу ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры на аўтараў схемы завялі крымінальную справу. Цяпер мужчынам пагражае да 7 гадоў.

Агулам падазраваныя дапамаглі не даплаціць больш за 1,3 мільёна рублёў падаткаў. Цяпер іх маёмасць арыштавалі, канфіскавалі ўсе запісы і камп’ютарную тэхніку. Таксама праводзіцца праверка дзейнасці кліентаў «фінансавай пральні». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?