У будынку «Белэкспа» працягвае працу Мінскі кніжны кірмаш. Больш за паўсотню выдавецтваў прадстаўляюць тут сваю прадукцыю. Найлепш прадстаўленыя, натуральна, беларускія стэнды і расійскія.

«Наша Ніва» прапануе рэйтынг самых цікавых выданняў, што можна знайсці на развалах «Белэкспа».

Алена Брава, «Садомская яблыня»

Цана: 15 рублёў

«Гэта вельмі жорсткая проза, але інтэлектуальнае чытво. Тут няма падмены паняццяў, калі бульварныя раманы падаюцца як інтэлектуалістыка. Алена Брава працавала над раманам некалькі гадоў. За пару дзён да выставы міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч назваў Алену Браву сярод сваіх любімых аўтараў. Проза цяжкая і драматычная. Чытаць яе вялікімі ўрыўкамі вельмі складана, прасцей невялікімі», — расказвае выдавец Зміцер Вішнёў.

Міленка Ергавіч, «Арэхавы палац»

Цана: 25 рублёў

Чарговы пераклад вядомага харвацкага пісьменніка ў выкананні Сяргея Шупы. Першай выйшла кніга «Іншала, Мадона, іншала». Сам Шупа прыедзе 10 лютага на выставу, каб прэзентаваць кнігу.

Кадзуа Ісігура, «Не адпускай мяне»

Цана: 20 рублёў

Раман апошняга на сённяшні момант нобелеўскага лаўрэата. Калі раптам Нобеля болей не будуць уручаць, то канец прэміі будзе пастаўлены менавіта на гэтым аўтары. Арыгінальны раман выйшаў у 2005. Гэта першая кніга англійскай літаратуры ХХІ стагоддзя, якая выйшла па-беларуску. Перакладчыца — Ганна Янкута.

Аляксандр Бракель, «Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавіччына ў 1939—1944 гг. Заходняя Беларусь пад нямецкай і савецкай акупацыяй»

Цана: 14,9 рублёў

«Манаграфія нямецкага гісторыка Аляксандра Бракеля прысвечаная Баранавіцкаму рэгіёну пад нямецкай і савецкай акупацыяй. Ужо сама назва паказвае, што аўтар іначай успрымае, чым нашы афіцыйныя гісторыкі, анексію Заходняй Беларусі ў 1939 годзе, — а менавіта як акупацыйны рэжым. Кніга прысвечаная не вузкаму Баранавіцкаму раёну, а адміністрацыйнай адзінцы, якая ў міжваеннай Польшчы называлася Наваградскім ваяводствам, а з 1939 па 1941 і з 1945 па 1954 называлася Баранавіцкай вобласцю. Гэта вельмі вялікі рэгіён, які ўключаў самыя розныя землі: ад Стоўбцаў і Валожына да Шчучына і Воранава. Саветы, калі акупавалі гэты рэгіён, то карысталіся польскім адміністрацыйным падзелам. Аўтар піша, што нягледзячы на істотныя адрозненні ў ідэалогіі, практыкі ўсталявання ўлады ў Саветаў і немцаў былі падобнымі — гэта тэрор, дэпартацыя, прававое бязмежжа», — расказвае рэдактар часопіса ARCHE Валерый Булгакаў.

Альгерд Бахарэвіч, «Мае дзевяностыя»

Цана: 19 рублёў

«Гэтую кнігу Альгерд Бахарэвіч напісаў за адзін год. Кніга ўспамінаў пра яго маладосць. Вялікая ўвага ў кнізе нададзена не самой асобе аўтара, а ягонаму роднаму Мінску. Бахарэвіч адзін з самых чытаных беларускіх аўтараў», — расказвае супрацоўнік выдавецтва «Янушкевіч» Сяргей Макарэвіч.

Яўгенія Янішчыц, «Кахання сад і ластаўка вясны»

Цана: 20 рублёў

«У серыі «100 вершаў» выйшла цудоўная кніга Яўгеніі Янішчыц, якую ўклаў Віктар Шніп. Кніга аздобленая выдатнымі карцінамі мастака Міколы Казакевіча. Кніга прыцягвае да сябе пяшчотай. Нават вокладка такая рамантычная. Вершы Яўгеніі Янішчыц добра вядомыя», — раіць кнігу супрацоўніца «Мастацкай літаратуры» Аксана Спрынчан.

Галіна Мыцык, «По-белорусски? Пожалуйста! Па-беларуску? Калі ласка!»

Цана: 23 рублі

Даўно марыце пачаць размаўляць па-беларуску альбо ваш сябра хоча, але не ведаеце, з чаго пачаць? Тады гэтая кніга для вас. Практычныя заняткі, руска-беларускі слоўнік, вялікі спіс прыказак і прымавак.

Валерый Гапееў, «Пазл»

Цана: 15 рублёў

«Валерый Гапееў — вядомы аўтар, які піша для падлеткаў. Апошнія гады ён, калі так можна сказаць, перайшоў у дарослую прозу. Папярэднія ягоныя раманы «Ноч цмока» і «Праклён» разышліся цалкам. «Ноч цмока» пераклалі на ўкраінскую мову. Трэці раман таксама не расчаруе чытачоў. Ён аб’ядноўвае містыку, дэтэктыў, прыгоды», — прадстаўляе кнігу Зміцер Вішнёў.

Сяргей Пясэцкі, «Мінская трылогія»

Цана: кожная кніга па 9,36

Якім быў Мінск сто гадоў таму? Кнігі поўныя прыгоды, дзе сапраўдныя факты змешваюцца з аўтарскай выдумкай. «Першая сусветная вайна пераўтварыла Менск у прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Еўропы і былой Расійскай імперыі з надзеяй хуткага заробку сцягнуліся зладзеі, прастытуткі і махляры», — гаворыцца ў апісанні першай кнігі «Яблычак».

Святлана Алексіевіч, «У вайны не жаночы твар»

Цана: 19 рублёў

Пасля істотнага перапынку кнігу нобелеўскай лаўрэаткі выйшла ў дзяржаўным выдавецтве. На беларускую мову твор пераклаў Валянцін Акудовіч.

«Наша гісторыя», № 2—5, 2018, № 1 — 2019

Цана 5,50 рублёў

Ну а абсалютны хіт продажаў гэтага года — цудоўны часопіс «Наша гісторыя». На выставе можна набыць пяць апошніх нумароў гэтага выдання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?