5 лютага ўчыніла самагубства 32-гадовая жыхарка Акцябрскага раёну (Гомельская вобласьць) Вольга. У яе засталіся трое хлопчыкаў — трох, сямі і васьмі гадоў, піша «Радыё Свабода».

«Яе дапяклі з аддзелу адукацыі, увесь час чапляліся. То ў хаце непарадак, то на працу патрабавалі ўладкавацца. Пагражалі дзяцей забраць у прытулак. Вось яна ўзяла сабе ў галаву…» — сказаў Свабодзе Ігар, муж нябожчыцы.

Сям’я жыла ў вёсцы Буда Акцябрскага раёну. Старэйшыя дзеці хадзілі ў школу ў суседнюю вёску Красная Слабада. Меншы, трохгадовы, быў дома з маці. Сям’я стаяла на ўліку тых, што знаходзяцца ў «сацыяльна-небясьпечным становішчы».

У Краснаслабодзкім сельскім савеце Свабодзе патлумачылі, што Вольга не злоўжывала алькаголем, а на ўлік трапіла з прычыны «антысанітарыі».

«Вольга з 1 лютага ўладкавалася на працу, даяркай. Стала на ўлік як сям’я, якая мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоў. Не разумеем, чаму так здарылася, што да гэтага прывяло», — дадалі ў сельскім савеце.

Дом, у якім жыла сям’я, быў стары, драўляны. Ён дастаўся ў спадчыну ад Вольжынай маці. На новы дом у Ігара з Вольгай не было грошай. Удавец кажа, што прасілі райвыканкам дапамагчы з жытлом, а там адказвалі: «Дзе мы вам возьмем? Самі шукайце».

«Што ў хаце быў непарадак — дык гэта ж дзеці, разумееце? Цацкі пакідаюць, вэрхал зробяць. Вольга прыбірала ў хаце. А з райвыканкаму прыяжджалі і чапляліся да ўсяго. Галоўнае — вымушалі яе ісьці працаваць. А яна баялася кідаць малых дома адных. Бо яшчэ што ўпаляць, крый Божа! Тым больш дзе было працаваць? Толькі даяркай. А гэта сыходзіць на цэлы дзень з хаты. Я дзень на працы, яна мусіла быць дзень на працы. Каб зь дзецьмі што здарылася — сказалі б, што мы вінаватыя, што кінулі іх», — распавядае Ігар.

Ён робіць жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы. Атрымлівае каля 400 рублёў. Кажа, што на жыцьцё сям’і хапала. Вользе і дзецям дапамагала яе сястра, якая таксама жыве ў Будзе.

«Адзеньня ў нашых дзяцей хапала — усю вёску можна было апрануць. Але яны чапляліся і чапляліся. Ня ведаю, што ім не падабалася», — кажа вясковец.

Ігар кажа, што «правяраючыя органы» ставілі Вользе ўльтыматум: або ідзі на працу, або забяром дзяцей у прытулак. Вольга пайшла на працу, але моцна пераймалася — як дзеці будуць адны дома?

«Увесь час думала пра дзяцей. Вось так яны яе дапяклі… А яна была крыўдлівая. І такое зрабіла… У панядзелак яны пагражалі прыехаць з праверкай — ці ўладкавалася Вольга на працу. Мы чакалі, а яны не прыехалі. А ў аўторак такое здарылася», — дадае жыхар Акцябрскага раёну.

Цяпер ён з хлопчыкамі перабраўся на час жыць да сваёй маці, у вёску Харомцы Акцябрскага раёну.

«Міша, Дзіма і Ягор увесь час плачуць: «Дзе мама? Дзе мама?» Што мне ім казаць?» — пытаецца Ігар.

У Краснаслабодзкай школе, дзе вучыліся старэйшыя дзеці, адмовіліся камэнтаваць сытуацыю.

Адмовіліся размаўляць з карэспандэнтам Свабоды і ў аддзеле адукацыі Акцябрскага райвыканкаму.

«Я з гэтай нагоды ніякіх камэнтароў даваць не зьбіраюся. Я ня ведаю, акрэдытаваная вы ці не, ці маеце дазвол у нашым раёне, я вас ня бачу, а гаварыць можна што заўгодна», — адказала начальнік аддзелу адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкаму Марына Балынская.

Вядома, што праверкай па факце сьмерці жанчыны займаецца Сьледчы камітэт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?