У магілёўскім політэхнічным каледжы ў студэнтаў папрасілі паказаць адрасы акаўнтаў у сацыяльных сетках. Навошта — сведчанні адрозніваюцца. Намеснік дырэктара каледжа кажа пра правядзенне семінара.

Фота прадстаўлена навучэнцам каледжа.

Фота прадстаўлена навучэнцам каледжа.

Фатаграфію пратакола апублікавалі ў тэлеграме з указаннем таго, што адрасы акаўнтаў студэнтаў збіраюць у політэхнічным каледжы Магілёва і нібыта патрабуюць нават лагіны і паролі. На дакуменце даных пра ўстанову няма.

У пратаколе адзначаецца, што гэта «праверка ведаў вучняў па тэме: «Прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў у інфармацыйнай прасторы сеткі Інтэрнэт». Далей — артыкулы пра прапаганду нацызму, экстрэмізму, распаўсюджванне парнаграфіі. Заўвага: «У выпадку змены акаўнта або стварэння новага акаўнта паведаміць куратару вучэбнай групы за 3 дні».

Пра тое, што такі пратакол далі для падпісання групе студэнтаў сёння, 7 лютага, Tut.by пацвердзілі двое навучэнцаў.

— Гэта было ўсё абгрунтавана тым, што навучэнец каледжа праходзіць па арт. 343 КК (распаўсюджванне парнаграфіі. — Tut.by). Нібыта збіраюць гэтыя даныя і будуць выдаваць у КДБ, — распавёў Tut.by аўтар фота.

Група адмовілася ўказваць даныя акаўнтаў, і куратар, па словах спікера, прыгразіла, маўляў, «з вамі будуць размаўляць у іншым месцы і ў іншы час». Хлопец не выключае, што з-за пратэсту студэнтаў у іх могуць пачацца праблемы па вучобе.

Яго аднакурснік — але не аднагрупнік — таксама распавёў, што групе прапанавалі запоўніць такі ж самы пратакол. Студэнты таксама адмовіліся яго запаўняць. Аднак пагроз не было.

Яшчэ адзін аднакурснік распавёў, што ў яго групе такі пратакол запоўніць не прасілі.

— У нас праводзяць куратарскія гадзіны. На іх прасілі закрыць акаўнты, каб даныя не бачылі староннія. Казалі пра тое, што нельга распаўсюджваць парнаграфію, нацысцкую сімволіку, распавядалі, што за гэта бывае. Прасілі яшчэ не выкладваць фота з алкаголем — і ўсё. Пратаколы падобныя былі, але там трэба было толькі пакінуць подпіс, што мы азнаёміліся з законам. Указваць адрасы акаўнтаў нас не прасілі. Прынамсі, пакуль што, — патлумачыў студэнт.

Па тлумачэнне сітуацыі сакратар адправіла да намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы каледжа Таццяны Кубліцкай, аднак аператыўна з ёй звязацца не ўдалося.

Намеснік дырэктара па вучэбнай працы Маргарыта Фядоськава адмаўляе інфармацыю пра тое, што ў студэнтаў нібыта патрабуюць лагіны і паролі ад асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках.

Паводле яе слоў, 6 лютага ў студэнтаў праводзілі семінар пра нераспаўсюджванне парнаграфіі і правільнае карыстанне банкаўскімі карткамі, перадае «Радыё Свабода».

— Прыходзіў следчы, праводзіў семінар па недапушчэнні распаўсюджвання парнаграфіі і гэтак далей, аб правільным выкарыстанні банкаўскіх карт. Мы паролі ад сацыяльных сетак у дзяцей не бярэм, яны нам не патрэбныя, — сказала Маргарыта Фядоськава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?