Пажар здарыўся ў вёсцы Пруднікі, што пад Крывічамі, вечарам 7 лютага. Пра яго паведаміў пажарным мясцовы жыхар, піша Рэгіянальная газета.
Выратавальнікі прыехалі на месца, патушылі нязначнае ўзгаранне ў верандзе і пачулі наступную гісторыю.
Увечары 32-гадовы мясцовы жыхар і яго сябры заўважылі, што ў вёсцы гарыць жылы дом. Адзін пачаў тэлефанаваць 101, другі пабег да дома.
Гарэла драўляная веранда, а ў хаце ў гэты час была 72-гадовая гаспадыня. Праз акно мужчына ўбачыў, што пенсіянерка сядзіць і чытае газету. Пачаў грукаць. Жанчына не чула.
Тады ён забег у дом праз дзверы. Убачыў, што веранда задымленая. Дапамог гаспадыні выйсці на двор, бо з-за праблем са здароўем жанчына дрэнна хадзіла.
У выніку агонь нязначна пашкодзіў дах і сцяну веранды. Папярэдняя прычына — парушэнне эксплуатацыі катла.
— Жанчыну і дом выратавалі правільныя дзеянні вяскоўцаў: адзін пачаў тэлефанаваць, другі адразу пабег да пажару, — расказала інспектар групы прапаганды і агітацыі Мядзельскага РАНС Ірына Карапецян.





