Ігар Ласіцкі, фота Волі Афіцэравай
Сёння Мінскі гарадскі суд прызнаў фігурантаў гучнай справы вінаватымі ў атрыманні хабараў і прысудзіў намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, а галоўнага ўрача 12-й стаматалагічнай паліклінікі Уладзіміра Краўчонка — да пяці гадоў. Суд таксама вынес прыватнае вызначэнне міністру аховы здароўя, каб былі «прынятыя неадкладныя меры па ліквідацыі прычын здзяйснення злачынстваў». Піша Tut.by.
За 10 хвілін да пачатку працэсу ў зале з'явіўся Уладзімір Краўчонак, які падчас працэсу быў пад хатнім арыштам. Ад любых каментароў ён адмовіўся і сеў на першую лаўку. Часта абвінавачаныя, для якіх напярэдадні пракурор запатрабаваў пазбаўленне волі, прыходзяць на суд з вялікай сумкай, у спартыўнай вопратцы. Галоўны доктар прыйшоў у касцюме і кашулі, у руках трымаў куртку.
У выніку Мінскі гарадскі суд прызнаў фігурантаў вінаватымі ў атрыманні хабараў і прысудзіў намеснік міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага да 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці, Уладзіміра Краўчонка — да пяці гадоў.
На Уладзіміра Краўчонка надзелі кайданкі проста ў зале суда.
Суд пастанавіў спагнаць з Краўчонка ў даход дзяржавы 61 тысячу рублёў, з Ласіцкага — 53 тысяч.
Міністру аховы здароўя вынесена прыватнае вызначэнне, каб былі «прынятыя неадкладныя меры па ліквідацыі прычын здзяйснення злачынстваў».
Разгляд крымінальнай справы ў судзе доўжыўся амаль месяц. У апошнім слове галоўны ўрач 12-й стаматалагічнай паліклінікі Уладзімір Краўчонак прасіў не пазбаўляць яго волі, даць магчымасць застацца на волі і прыносіць карысць людзям.
Уладзімір Краўчонак, фота Волі Афіцэравай
— Майго выпраўлення можна дасягнуць, не пазбаўляючы мяне волі. З улікам вопыту і кваліфікацыі я прынясу людзям больш карысці на волі. Ёсць нават прыказка: «адсечаную галаву меч не сячэ». Прашу не секчы пакаянную галаву, не пазбаўляць волі, — звяртаўся да суда абвінавачаны, які знаходзіўся пад хатнім арыштам да абвяшчэння прысуду. Яму нават дазволілі ўладкавацца ў паліклініку звычайным стаматолагам.
Выступаючы з апошнім словам, намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі прасіў суд аб спагадзе.
— Па ўсіх эпізодах і ў поўнай меры прызнаю сваю віну, ні ў якім разе не аспрэчваючы ніводны эпізод з матэрыялаў крымінальнай справы. Усе прызнальныя паказанні даваў самастойна, без націску. (…) Мая дзейнасць была адзначана Нацыянальным сходам і прэзідэнтам, — казаў Ласіцкі.
Па версіі следства, з 2013 па 2018 год Краўчонак у якасці хабару атрымаў 10 700 даляраў, 15 тысяч еўра і 1500 беларускіх рублёў. Грошы ён браў за заключэнне дагавораў аб закупцы медтэхнікі для паліклінікі і «спрыяльнае рашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у яго кампетэнцыю». Аказалася, хабары галоўны ўрач траціў на паездку з жонкай у Парыж, удзел у кангрэсе ў Барселоне, аплату навучання дачкі ў медыцынскім універсітэце. Намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага абвінавачвалі атрыманне хабараў на суму 10 тысяч еўра і 13,5 тысячы долараў. Грошы траціў на дарагое лячэнне.
Судзяць намесніка міністра аховы здароўя Ігара Ласіцкага — колішняга калегу Васіля Жарко





