У інтэрнэце з’явіліся фотаздымкі дзіўных страваў са школ Слоніма. Ежа выглядае проста як вада з хлебам.
Страва ў слонімскім раённым ліцэі.
Першым выклаў фотаздымкі тэлеграм-канал Nexta.
Страва ў школе №3 Слоніма.
«Наша Ніва» звязалася з кіраўніцтвам адной са школ, чые стравы фігуруюць на фота. Высветлілася, што Мілена Піцішына, выканаўца абавязкаў дырэктара слонімскай СШ №10, ужо ў курсе пра фотаздымкі.
Страва ў СШ №10 Слоніма. Такі абед каштуе 2 рублі.
Але жанчына была лаканічнай:
«Гэта ў нас называецца булён з грэнкамі. Больш нічога сказаць не магу, усе каментары дала «Слонімскаму весніку».
Пазней на гродзенскім партале S13 з’явіўся каментар аддзела адукацыі Слоніма. Кажуць, гэта тэсціраванне новага меню:
«Хацелася б крыху праясніць сітуацыю па абмеркаванні меню школьнага абеду. Так, сапраўды, з 4 лютага 2019 года ў школах Слонімскага раёна апрабуецца новае меню. У меню ўвайшлі новыя стравы са зборніка рэцэптур, якія раней былі не знаёмыя дзецям: запяканка маркоўная з тварагом, бульбяныя аладкі са свежай капустай і морквай, рыба, запечаная з морквай, рыбнік, рыс з гароднінай, суфле курынае, бабка бульбяная са свінінай, суфле тварожнае, булён курыны з грэнкамі. На працягу двух тыдняў вывучаецца спажывецкі попыт на новыя стравы, меркаванне вучняў і іх прадстаўнікоў. Пасля апрабавання гэтага ў меню будуць унесены змены з улікам запытаў дзяцей і іх бацькоў.
Тэхналагічная карта для падрыхтоўкі булёна курынага з грэнкамі ўзятая са зборніка тэхналагічных карт страў і вырабаў для дзяцей, зацверджанага пастановай Міністэрства гандлю».





