«На жаль, куратар дапусціў сур'ёзны промах у гутарцы з навучэнцамі», — распавёў Tut.by дырэктар магілёўскага політэхнічнага каледжа Сяргей Казлоў. Ён даў разгорнуты каментар пра тое, чаму студэнтаў 7 лютага прасілі напісаць іх акаўнты ў сацыяльных сетках у адмысловым пратаколе. І патлумачыў, ці было патрабаванне даць лагін і пароль ад асабістай старонкі.

Фота: Tut.by.

Чытайце таксама:

У каледжы Магілёва студэнтам сказалі напісаць адрасы сваіх акаўнтаў у сацыяльных сетках. Яны адмовіліся

Па словах дырэктара каледжа Сяргея Казлова, адзін з навучэнцаў каледжа сапраўды фігуруе ў справе аб распаўсюджванні парнаграфіі і экстрэмізму ў інтэрнэце. Таму прафілактыцы злачынстваў у гэтай сферы вырашылі надаць асаблівую ўвагу.

Таму ў каледж запрасілі прадстаўніка праваахоўных органаў, абмеркавалі тэму на педагагічнай радзе, семінары педагагічных работнікаў і вырашылі правесці куратарскія гадзіны ў групах па гэтай тэме ў чацвер, 7 лютага.

На куратарскіх гадзінах са студэнтамі павінны былі разгледзець артыкулы Крымінальнага і Адміністрацыйнага кодэксаў, звязаныя з парушэннем заканадаўства ў інтэрнэце, у тым ліку з махлярствам з дапамогай грашовых пераводаў і пластыкавых картак, экстрэмізмам, распаўсюджваннем парнаграфіі. А напісаць адрасы сваіх акаўнтаў студэнты маглі — добраахвотна, — калі хацелі, каб куратары праверылі, ці няма на іх старонках запісаў, якія парушаюць закон.

Фота прадстаўлена навучэнцам каледжа.

Па словах дырэктара каледжа, добраахвотнасць указання акаўнта прапісана ў пратаколе пасяджэнняў саветаў — педагагічнага і па прафілактыцы. І на гэта звярталі ўвагу куратараў, калі тыя рыхтаваліся да куратарскіх гадзін, бралі неабходныя матэрыялы.

— Але, на жаль, сітуацыя склалася такім чынам, што ў адной з груп куратар працуе не зусім правільна і эфектыўна. Яна прыйшла на куратарскую гадзіну непадрыхтаванай. То бок, не данесла патрэбную інфармацыю да групы і папрасіла ў іх не акаўнты, а лагіны і паролі. Гэта пры тым, што гэтая інфармацыя адносіцца да асабістай, і мы не можам і не прапаноўвалі падзяліцца ёй. Калі навучэнцы сталі пратэставаць супраць усіх гэтых момантаў, куратар і пачала намякаць на тое, што навучэнцаў адлічаць, нібыта будуць разбірацца ў гэтым праваахоўныя органы і гэтак далей, — сказаў дырэктар, адзначыўшы, што куратар — выкладчык дасведчаная, аднак зусім не разбіраецца ў тэрмінах, звязаных з інтэрнэтам.

Сяргей Казлоў кажа, што навучэнцы шукалі абароны ад дзеянняў куратара, таму апублікавалі пратакол у інтэрнэце. Дырэктар сцвярджае, што заўсёды казаў студэнтам звяртацца да яго пры неабходнасці, аднак 7 лютага з 14.00 да 18.00 ён праводзіў савет па прафілактыцы, таму студэнты не маглі абмеркаваць сітуацыю з кіраўніком каледжа.

— Я сёння быў у групе, патлумачыў навучэнцам, што нічога заганнага мы рабіць не хацелі, а хацелі дапамагчы, і зрабіць гэта толькі па іх жаданні. Я папрасіў у хлопцаў прабачэння за неэфектыўную працу маіх падначаленых. А з куратарам мы правялі нараду, на якой разгледзелі ўсе памылкі, якія яна дапусціла, — патлумачыў дырэктар.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру