У Літве, Латвіі і ва Ўкраіне расьце захворвальнасьць на грып. Ад ускладненьняў выкліканых хваробай у гэтых краінах загінулі дзясяткі чалавек, піша радыё «Свабода».
У Літве эпідэмія абвешчана ў 31 самакіраваньні зь 60-ці. Ускладненьні прывялі да сьмерці 16 чалавек. Усе яны не праходзілі вакцынацыю, піша Delfi.lt.
Колькасьць памерлых ад ускладненьняў выкліканых грыпам у Латвіі вырасла да 25 чалавек, паведамляе Delfi.lv. Сярэдні ўзрост загінулых — 66 гадоў.
Ва Украіне колькасьць загінулых вырасла да 30 чалавек. Сярод іх чацьвёра дзеці ва ўзросьце да 17 гадоў. Ніводны з загінулых не праходзіў вакцынацыю, паведамляе Цэнтар грамадзкага здароўя Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.
Па дадзеных Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Ўсясьветнай арганізацыі здароўя шырокі распаўсюд грыпу зафіксаваны ў 26 краінах Эўропы.
Самая складаная сытуацыя ў Францыі, паводле справаздачы Santé Publique France, з кастрычніка 2018 году ў гэтай краіне ад грыпу загінулі 1100 чалавек.
У Беларусі па дадзеных на 5 лютага зафіксавана сярэдняя інтэнсіўнасьць захворвальнасьць на рэсьпіратарныя інфэкцыі.





