Дваццаць восем дзяцей расійскіх дыпламатычных работнікаў, а таксама расійскіх замежных установаў у Беларусі 11 лютага прымалі клятву вернасці арганізацыі «Юнармія». Мерапрыемства праходзіла ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. 

Новы атрад атрымаў назву «Гвардзеец» імя героя СССР Андрэя Мельнікава. Гэта ўраджэнец Магілёва, які загінуў 20-гадовым юнаком у Афганістане ў 1988 годзе падчас аперацыі «Магістраль». Прысутнічаў на мінскай імпрэзе і начальнік галоўнага штаба «Юнарміі», лётчык-касманаўт Раман Раманенка.

«Юнармейцы ў чарговы раз даказваюць, што для іх не існуе ніякіх межаў і адлегласцяў. Нават удалечыні ад дома яны аб'ядноўваюцца, маюць зносіны і падтрымліваюць адзін аднаго. Гэта і ёсць патрыятызм і грамадзянскасць, сапраўдная любоў да сваёй Радзімы. Да таго ж у іх ёсць добры прыклад у асобе бацькоў, якія прысвячаюць сваё жыццё дыпламатычнаму служэнню і абароне сваёй Айчыны», — падкрэсліў Раман Раманенка.

Прысутнічаў пры клятве пасол Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, пра гэта паведамляе сайт «Юнарміі».

Міхаіл Бабіч зазначыў наступнае: «Мы будзем разам спазнаваць гісторыю Беларусі, нашу сумесную гісторыю двух народаў, як разам мы абаранялі нашу Радзіму, як разам мы пераадольвалі ўсе нягоды і стваралі прыгожую вялікую краіну».

Гэта ўжо не першы атрад «Юнарміі» ў Беларусі. Яшчэ ў пачатку лістапада дзеці ваенаслужачых расійскай вайсковай часткі ў Ганцавічах прымалі аналагічную клятву.

Гэты атрад мае імя героя Расіі Рамана Філіпава, лётчыка, які летась загінуў у Сірыі. На дадзены момант у атрадзе 45 чалавек.

Рух «Юнармія» з’явіўся ў Расіі ў 2016 годзе. Ягоная мэта — «патрыятычнае выхаванне расіян ва ўзросце ад 8 гадоў».

Ініцыятарам стварэння «Юнарміі» быў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу, а падтрымаў ініцыятыву асабіста Уладзімір Пуцін. На сёння ў складзе «Юнарміі» налічваецца больш за 200 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?