На думку акадэміка РАН, замест бясплатнай вышэйшай адукацыі варта ўвесці так званую крэдытную. У такім фармаце дзяржава па-ранейшаму будзе пакрываць усе выдаткі студэнта на навучанне, аднак пасля яе заканчэння ён павінен будзе не менш за 15 гадоў прапрацаваць у расійскай навуцы. Пасля гэтага крэдыт аўтаматычна пагасіцца, у адваротным выпадку навуковец будзе абавязаны вярнуць яго ў поўным аб'ёме.

Спецыяліст будзе мець права выязджаць за межы краіны для ўдзелу ў навуковых канферэнцыях і сумесных даследаваннях з замежнымі калегамі.

«Але ўсе гэтыя выезды за мяжу павінны ўзгадняцца з дырэкцыяй інстытута і не ператварацца ў пастаянную працу за мяжой. За 15 гадоў моцны вучоны, несумненна, атрымае ў Расіі выдатную пазіцыю і, верагодна, ужо не захоча з'язджаць», — адзначае Георгіеў.

Неабмежаванае ж права на свабодную эміграцыю будуць атрымліваць толькі тыя, хто аплаціў цалкам навучанне і не атрымліваў стыпендыю.

Вучоны падкрэсліў, што дадзенае новаўвядзенне павінна тычыцца толькі тых абласцей навукі, якія інтэнсіўна развіваюцца, у прыватнасці такіх, як малекулярная і клеткавая біялогія, інфармацыйныя тэхналогіі, многія раздзелы фізікі.

У якасці іншых метадаў барацьбы з адтокам маладых навукоўцаў з краіны Георгіеў прапануе таксама павышэнне заробкаў у дадзенай галіне, стварэнне фондаў для фінансавай падтрымкі навукі, выдачу беспрацэнтных крэдытаў на куплю жылля, а таксама фарміраванне спецыяльнага экспертнага органа для працы з праблемамі ў дадзенай сферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0