Дзяржаўны абвінаваўца папрасіў 7 гадоў 6 месяцаў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці для акадэміка Аляксандра Бялецкага, паведамляе Радыё Свабода.
Бялецкага, былога дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, абвінавачваюць у хабарніцтве ў асабліва вялікіх памерах.
Бялецкі быў затрыманы 5 ліпеня 2018 года і выйшаў з-за кратаў 3 студзеня пад падпіску аб нявыездзе.
Улетку 2018 года старшыня КДБ Валер Вакульчык заявіў пасьля затрымання Бялецкага:
«Аляксандр Бялецкі затрыманы і заключаны пад варту за арганізацыю правядзення тэхнічнага абслугоўвання і рамонту медыцынскага абсталявання з боку камерцыйных структураў і своечасовую аплату за аказаныя паслугі. Пры правядзенні ператрусу ў яго гаражы і па месцы жыхарства ў схованках выяўлена каля 500 тысяч даляраў ЗША ў эквіваленце».
Паводле абвінавачання, злачынныя эпізоды з удзелам абвінавачанага ў хабары Аляксандра Бялецкага адбываліся ў 2016—2018 гадах. У прыватнасці, у справе фігуруе фірма «Медысфера», якая праводзіла рамонт і тэхнічнае абслугоўванне абсталяваьня РНПЦ.
Бялецкі прызнаў віну цалкам. Паводле пракурора, ягоная віна пацьвярджаецца сведкамі (было названа каля 10 чалавек), дакументамі і пратаколамі вочных ставак.