У ліпені 2015 года Уладзімір Кірэеў са Слуцка з’ехаў ваяваць ва Украіну. Быў мінамётчыкам, удзельнічаў у «артылерыйскай дуэлі» пад Аўдзееўкай. Сёння беларус жыве ў Кіеве разам з сынам. Ён перабіваецца выпадковымі заробкамі і не мае магчымасці нават атрымаць банкаўскую карту. Вярнуцца дамоў Уладзімір не можа — у Беларусі яго чакае суд за найміцтва, піша Еўрарадыё.

Як вайна на Данбасе змяніла жыццё беларуса? Ці давялося яму забіваць, і ці не шкадуе ён увогуле, што ўзяў у рукі зброю? Шчырае інтэрв’ю добраахвотніка.

Усё змяніў Майдан

Еўрарадыё: Уладзімір, чаму вы з’ехалі ва Украіну?

Уладзімір Кірэеў: Шмат прычын. Майдан, жорстка падаўленыя пратэсты, захоп Расіяй Крыма, пачатак вайны ў Данецку і Луганску. Гэта ўсё агулам на мяне паўплывала. Размаўляў з людзьмі, якія ўжо ваявалі. Такая хваля захапіла!

Еўрарадыё: У вас ёсць сваякі ва Украіне?

Уладзімір Кірэеў: Не. Нават палітыкай украінскай не цікавіўся. Але ўсё змяніў Майдан. Калі жыў у Беларусі, дык тэлевізар амаль не глядзеў. Тыя праграмы, якія распавядалі пра Украіну, усё з ног на галаву перакручвалі. А ўкраінскія тэлеканалы паказвалі тую карціну інакш. Зразумеў, што па НТВ ідзе прапаганда. Людзей кормяць хлуснёй.

Браў крэдыт, каб сабраць дзіця ў школу

Еўрарадыё: Чым вы займаліся ў Беларусі да ад’езду?

Уладзімір Кірэеў: На той момант пераехаў са Слуцка ў Магілёў па працы. Я цясляр чацвёртага разраду. Працаваў таксама ў фірме па ўсталяванні высакавольтнага абсталявання.

Еўрарадыё: Колькі вы зараблялі?

Уладзімір Кірэеў: Асабліва не разагнацца было. Хапала на тыдзень, два, а потым даводзілася браць пазыкі. Браў крэдыт, каб сабраць дзіця ў школу. Сумная сітуацыя была… Сына я гадую адзін. Маці здала яго ў дзіцячы дом пасля нараджэння. Я забраў. Сёння сын вучыцца ў сёмым класе ва Украіне. У яго добрая школа, з вывучэннем замежных моваў.

Еўрарадыё: А ў Беларусі палітыкай цікавіліся?

Уладзімір Кірэеў: У 2010-м годзе я быў на Плошчы. Быў упэўнены, што адбываецца падтасоўка галасоў. За Лукашэнку не галасаваў, а альтэрнатывы сярод кандыдатаў не бачыў. У апазіцыі я моцна расчараваўся. Нават у Статкевічы. На маю думку, ён не зусім шчыры: клікаў людзей, а сам не прыходзіў. Магчыма, я не маю рацыі, але такое маё меркаванне.

Разумеў, што не вярнуся

Еўрарадыё: Беларускія ўлады неаднаразова казалі пра наступствы за ўдзел у вайне…

Уладзімір Кірэеў: Наступствы мяне не спужалі. Я разумеў, што не вярнуся. Асабліва не свяціўся, але нашы імёны нейкім чынам апынуліся ў расійскіх спісах, хаця мы самі ведалі адзін аднаго толькі па пазыўных. Калегі па працы з Беларусі пісалі, што мной цікавіліся на радзіме «таварышы ў цывільным». Я разумеў, што вяртацца пакуль не трэба. А потым яшчэ і пасадкі беларусаў пачаліся.

Еўрарадыё: У сваякоў у Беларусі былі праблемы?

Уладзімір Кірэеў: У мяне няма сваякоў. Толькі брат, але мы шмат гадоў не кантактуем.

Еўрарадыё: Ці сочыце за падзеямі ў Беларусі сёння?

Уладзімір Кірэеў: Абавязкова. Шмат маладых палітыкаў, якія, здаецца, усё правільна кажуць. Дашкевіч, напрыклад. Але неяк яны дробна плаваюць.

Бывала, што проста ў акопах жылі

Еўрарадыё: Да ад’езду з ваеннай справай сутыкаліся?

Уладзімір Кірэеў: Служыў у савецкім войску ў Польшчы з 1990 па 1992 гады. Тады ў войску я быў кіроўцам, а тут я гранатамётчык-стралок. У нас была шырокая падрыхтоўка. Рыхтавалі да ўсяго. Хаця першапачаткова я трапіў у інжынерную групу полка «Азоў». Займаўся рамонтам тэхнікі там.

Еўрарадыё: Як жылі на фронце?

Уладзімір Кірэеў: Як атрымлівалася — у бліндажах, у хатах. Бывала, што проста ў акопах жылі. Гэтак жа і з харчаваннем. Спачатку было дрэнна з ежай. Потым ужо нейкі сухпаёк з’яўляўся. Гатавалі на плітках, на вогнішчы. Рэгулярнага раскладу не было.

Еўрарадыё: Памятаеце свой першы бой?

Уладзімір Кірэеў: Вядома. Жудасны грукат, усё трасецца, выбуховая хваля. Не ведаеш, куды падзецца. З усіх бакоў свішча. У РСГ [ручны супрацьтанкавы гранатамёт. — Еўрарадыё] вельмі яркая ўспышка, якая слепіць. З часам да гэтага прызвычайваешся, але першае ўражанне — шок.

Падчас бою дапамагаюць старэйшыя. Абавязкова ў першы бой з дасведчанымі людзьмі ідзеш. Гэта ж пазіцыйная вайна: пазіцыі размешчаныя хаатычна. Праціўнік мог быць у 50 метрах ад цябе, а мог і ззаду апынуцца.

Мы сыходзілі самыя апошнія

Еўрарадыё: Вы забівалі людзей?

Уладзімір Кірэеў: Вядома. У бліжнім баю — не, а на пазіцыях — так. Мінімальная адлегласць — дваццаць метраў ад праціўніка. А працавалі мы з мінамётаў

Еўрарадыё: Што больш за ўсё ўразіла на гэтай вайне?

Уладзімір Кірэеў: Баі за Аўдзееўку, калі ішла «артылерыйская дуэль». Гэта было нешта! Не ведаю нават, з чым параўнаць. Зямля хадуном хадзіла. Але на вайне пачуцці прытупляюцца.

Еўрарадыё: Што цяпер адбываецца на фронце?

Уладзімір Кірэеў: Усё без змен, але няма добраахвотнікаў. Усіх вывелі. Мы сыходзілі самыя апошнія. Нам прапанавалі: ці на кантракт, ці бывайце.

Беларускі пашпарт скончыўся, без яго не атрымаеш украінскі ВНЖ

Еўрарадыё: Крыўдна?

Уладзімір Кірэеў: Крыўда ёсць. Я тут ў незразумелым статусе знаходжуся, не магу на афіцыйную працу ўладкавацца. Дамоў таксама вярнуцца не магу. Нават банкаўскую карту няма магчымасці зрабіць. Хаця яшчэ ў 2014 годзе Парашэнка казаў, што кожны замежны добраахвотнік атрымае грамадзянства Украіны.

Еўрарадыё: Чым вы займаецеся цяпер?

Уладзімір Кірэеў: З пачатку 2017 года я жыву ў Кіеве з сынам. Здымаем лецішча. Умовы, скажам так, спартанскія. Грамадзянства Украіны ў мяне няма. І наўрад ці яно будзе. Тэрмін дзеяння майго беларускага пашпарта скончыўся, праз гэта я і від на жыхарства ва Украіне не магу атрымаць.

Па законе мы тут ніхто

Еўрарадыё: Чым зарабляеце на жыццё?

Уладзімір Кірэеў: Падпрацоўкамі. У асноўным гэта праца на будоўлі. Плацяць няшмат. Але ўладкавацца на сталую працу цяжка. Як хочаш, так і круціся. Дапамагаюць валанцёры: прадуктамі, вопраткай. Усё залежыць ад людзей, але па законе мы тут ніхто.

Еўрарадыё: Каб была магчымасць вярнуць час назад, яшчэ раз паехалі б ваяваць за Украіну?

Уладзімір Кірэеў: Нічога не мяняў бы. Паехаў бы зноў. Вайна спыняецца ў двух выпадках: перамог ці здаўся. Людзі на Данбасе цалкам па-прарасійску настроеныя. У любым выпадку, мы не дарма там былі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?