Мінскі гарадскі суд прыгаварыў навукоўца, акадэміка, лаўрэата Дзяржпрэміі, вядомага доктара Аляксандра Бялецкага да 7,5 гадоў пазбаўлення волі. Яго прызналі вінаватым па ч. 3 арт. 430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).

У выніку акадэміка прызналі вінаватым і прысудзілі да 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое ж пакаранне раней і запатрабаваў пракурор.

Аляксандр Бялецкі прыехаў за пяць хвілін да пасяджэння. Ля залы яго чакалі родныя і сябры — чалавек 20. Сам Бялецкі да абвяшчэння прысуду паводзіў сябе спакойна: размаўляў з сябрамі, затым сеў на лаву і склаў рукі.

Прысуд не ўступіў у законную сілу. Бялецкага ўзялі пад варту ў зале суда і надзелі на яго кайданкі.

Да ліпеня 2018 года Аляксандр Бялецкі ўзначальваў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі. На судах акадэмік не адмаўляў, што ў якасці падарунка атрымаў 4 тысячы еўра і 3 тысячы даляраў. Пры гэтым ён не ўспрымаў гэтыя грошы як хабар. А адну з сум патраціў на кангрэс у Барселоне, дзе ў склад беларускай дэлегацыі ўваходзіла 12 чалавек.

Бялецкі ў судзе казаў, што раскайваецца ў зробленым.

— Самае страшнае — гэта самаедства. Гэта горш за ўсялякі суд, пракурора і следчага, — адзначаў ён.

Буйныя ж сумы, якія былі знойдзеныя ў яго дома і на ўкладах, па яго словах, яму давалі заможныя сябры, і гэта не было звязана з яго прафесійнай дзейнасцю. Адзін з такіх сяброў — бізнэсмен Аляксандр Шакуцін.

Раней старшыня КДБ Валерый Вакульчык казаў, што пры вобшуку ў гаражы і па месцы жыхарства Бялецкага ў схованках знайшлі каля $ 500 тыс. у эквіваленце.

Аляксандр Бялецкі — унікальны ў сваёй галіне доктар. Ён вядомы вучоны і акадэмік. У яго больш за 450 друкаваных прац, у тым ліку 16 манаграфій, з іх восем выдадзеныя за мяжой. За сваё прафесійнае жыццё ён падрыхтаваў чатырох дактароў і шэсць кандыдатаў медыцынскіх навук.

У кастрычніку, пакуль Аляксандр Бялецкі знаходзіўся ў СІЗА, яго ўзнагародзілі медалём НАН. Ён вырас у сям'і дактароў і ўсё жыццё быў дзіцячым артапедам. Правёў 4000 высокатэхналагічных складаных аперацый.

Акрамя гэтага, у яго 92 патэнты ў лячэнні дзяцей з паталогіямі тазасцегнавых суставаў, у 2010-м годзе ён атрымаў званне «Заслужаны дзеяч навукі». З'яўляецца выдатнікам аховы здароўя Расіі, Узбекістана, Беларусі, чытаў лекцыі ў многіх краінах свету, выступаў на амерыканскай асацыяцыі хірургаў. Па яго словах на судзе, грошы за Дзяржпрэмію, патэнты, манаграфіі ён адкладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?