Суд ва Украіне пакараў грамадзяніна Беларусі, які перавозіў кантрабандай цыгарэты, піша Радыё Свабода.

Як адзначаецца ў рашэнні суда, беларус быў затрыманы 3 лютага пры спробе перадаць супрацоўніку СБУ 26 тысяч еўра хабару, каб вярнуць канфіскаваныя ўкраінскаю мытняю кантрабандныя цыгарэты.

Паводле матэрыялаў справы, грамадзянін Беларусі, які працуе кіроўцам-экспедытарам службы дастаўкі SIMON-TRANS, спрабаваў увезці на тэрыторыю Украіны 80 тысяч пачак цыгарэт беларускай вытворчасці без акцызных марак, утаіўшы ад мытнага кантролю. Калі гэтую прадукцыю канфіскавалі, то спрабаваў уладзіць «пытанне» пры дапамозе хабару. Але супрацоўнік СБУ паведаміў свайму кіраўніцтву і пры спробе перадаць грошы беларус быў затрыманы.

Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, за гэтыя дзеяньні беларусу пагражала пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў, але ў сувязі з прызнаннем віны яго пакаралі мінімальным штрафам, прадугледжаным для такіх выпадкаў.

Суд пакараў беларуса штрафам у памеры 8,5 тысячы грыўняў (крыху больш як 300 даляраў у эквіваленце) за спробу подкупу супрацоўніка Службы бяспекі Украіны. На рашэнне суда канфіскавалі не толькі цыгарэты, а і 26 тысяч еўра, якія беларус прапанаваў у выглядзе хабару.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0