Завершана расследаванне крымінальнай справы аб забойстве і замаху на забойства ў Дубровенскім раёне
Чытайце таксама: П'яны жыхар Дубровеншчыны забіў аднавяскоўца і параніў падлетка
6 кастрычніка 2018 года ў адной з вёсак Дубровенскага раёна некалькі чалавек распівалі спіртныя напоі. Увечары, калі частка кампаніі разышлася па хатах, паміж астатнімі мужчынамі ўзнік канфлікт. Адзін з іх сышоў і праз некаторы час вярнуўся са стрэльбай, з якой стрэліў па людзях. У выніку 41-гадовы мужчына атрымаў агнястрэльнае раненне і памёр, а 16-гадовы юнак быў шпіталізаваны з агнястрэльным раненнем пляча.
Падазраваны з месца здарэння ўцёк, аднак яго затрымалі на працягу некалькіх гадзін.
У ходзе следства высветлены і іншыя факты супрацьпраўнай дзейнасці абвінавачанага. Так, мужчына незаконна набыў, захоўваў і насіў боепрыпасы і выбуховыя рэчывы, якія былі знойдзены ў апошняга па месцы жыхарства падчас ператрусу. Таксама вядома, што мужчына раней страляў у сваіх знаёмых, аднак тады ён нікога не забіў і не параніў.
Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай. Матэрыялы крымінальнай справы рыхтуюцца для перадачы пракурору для накіравання ў суд.





