У інтэрнэце пачало гуляць відэа бойкі на трыбунах Лядовай арэны ў Оршы. Па ёй можна падумаць, што б’юцца фанаты хакейных клубаў «Лакаматыў» (Орша) і «Нёман» (Гродна). Насамрэч жа пабіліся… бацькі хакеістаў.

Начальнік ХК «Лакаматыў» Яўген Мазура расказаў «НН», што інцыдэнт адбыўся яшчэ месяц таму. Здарылася гэта падчас сустрэчы малых аршанцаў і гродзенцаў 2008 года нараджэння.

«У нас прыхільнікі розных каманд сядзяць на розных трыбунах, але тут, падвыпіўшы, заўзятары «Нёмана» палезлі на трыбуну да гаспадароў. Пасварыліся бацькі між сабой, асабліва актыўнічаў той, у джэрсі «Нёмана», — расказвае спадар Мазура.

Па ягоных словах, цяжкі траўм ніхто не атрымаў, таму міліцыю не выклікалі. «Хуліганаў вывелі за межы арэны. Гэта ж не першая бойка ў хакеі і не апошняя. Цяпер мо будзем старацца не тое, што на розныя трыбуны саджаць, а на процілеглыя», — кажа начальнік аршанскага «Лакаматыва».

Што тычыцца самой гульні, то юныя аршанцы прайгравалі цягам матча 2:4, але знайшлі сілы перамагчы з лікам 6:4.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?