Два гады таму шэсць адмарозкаў размясціліся на адмерзлай глебе будпляцоўкі ля Курапатаў. Правыя і левыя, нашы і іхныя прадказвалі кепскі лёс адмарожанай справе. На трэція суткі я ўжо і сам маліўся, каб нас перасадзілі і ня трэба было з ганьбаю сыходзіць сваімі нагамі. Але Творца гісторыі кажа: Мае думкі — ня вашыя думкі, і Мае шляхі — ня вашыя шляхі. Таму па выніку Бог даў нам не адседку, а перамогу.

Менавіта ў 2017-м дзяржчыноўнікі пачалі выказвацца пра неабходнасць ушанавання Курапатаў, аж нават намеснік старшыні КДБ агучыў пералік месцаў, дзе ў Мінску у 30-х камуністы ладзілі тэрор. Аж галоўны чыноўнік грозна патрабаваў паставіць кропку ў «палітычных спекуляцыях» вакол Курапатаў і ўсталяваць ва ўрочышчы памятны знак. І мы сапраўды падумалі, што ён больш ня будзе на гэтым спекуляваць і паставіць кропку ў забудове ахоўнай зоны нацыянальнага некропаля.

Але прыйшоў 2018-ы, і мы з сумам убачылі святочны інтэр’ер бульбашжора «Поедзем-поедім». З іншага боку, самадзержац абяцаў памятны знак і ён яго паставіў: забаўляльны рэстаран у былой, дзеля таго адмыслова ўрэзанай, ахоўнай зоне Курапатаў — гэта сапраўдны памятны знак пра 25-гадовую эпоху бяспамяцтва.

Зрэшты, нічога ў гэтым новага. Але я задумаўся: чаму мы зноў і зноў чуем гэта слова, Курапаты? 2017-ы, 2018-ы, 2019-ы… Будоўля бізнэс-цэнтра і нечуваная згуртаванасць людзей вакол абароны, забаўляльны кабак і «Ноч паэтаў», раструшчаная лава і новыя вялізныя крыжы вакол некропаля, збітыя машынамі абаронцы і штодзённая варта ля рэстарана… Трэці год мы гаворым пра Курапаты: ці ёсць у гэтым нейкі сэнс? Калі гісторыя, гэта не хаос і ня збег выпадковасцяў, але лагічны і заканамерны працэс, то ці ня ёсць Курапаты знакам часу?

У 1988-м Беларусь даведалася пра Курапаты. У 1989-м у Курапатах усталёўвалі першы крыж. А ў 1990-м абвешчана Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР. А ў 1991-м бел-чырвона-белы сцяг, які яшчэ тры гады перад тым міліцыянты маглі дзерці ў Курапатах, стаўся Дзяржаўным сцягам Беларусі.

Ці многія ў 1988-м і 1989-м распазналі знакі часу? Дзякуй Богу за тых людзей, хто распазнаў, — за тых, хто ўздымаў бел-чырвона-белы сцяг і абвяшчаў незалежнасць. Але пераважная большасьць, на жаль, знакаў часу не распазнала. Таму прыйшоў яшчэ горшы д'ябал, які ўзяў горшае ад камуністаў і горшае ад капіталістаў: і асуджанае самімі камуністамі імя Сталіна рэабілітаваў, і культ «усім па 500 долараў» кананізаваў.

Дзве тысячы год таму Ісус Хрыстос насварыўся на Сваіх сучаснікаў, кажучы ім: «Крывадушнікі! Аблічча неба адрозніваеце, а знакаў часу не можаце?» На жаль, гэты папрок актуальны цяпер і для нас. Бо Курапаты сёння — гэта першасны выклік для ўсіх і галоўны знак часу.

Канечне, у розны час у нас могуць быць розныя выклікі. Летась галоўным выклікам для нас быў «Дзень Волі» — і дзясяткі тысяч людзей, якія адчулі знак часу, з'ядналіся вакол кампаніі #БНР100. Хто ведае, заўтра расійскія танкі паедуць да нашых межаў — і мы, безумоўна, будзем не пад брамай бульбашжора стаяць, а акапвацца ў лясах Веткаўскага раёна. Але сёння #Курапаты — гэта відавочны для нас Божы знак часу. Ён настолькі відавочны, што Госпад паўтарае для нас яго трэці год запар.

Таму ёсць вялікае пытанне да кожнага патрыёта: калі сёння ты, твае думкі і тваё сэрца не ў Курапатах, то дзе ты ўвогуле? Ці не паглынула цябе другаснае, зацьміўшы першаснае? Ці не праспаў ты знакі часу, як на пераломе 90-х праспалі многія? Калі абагульніць груба, праспалі мы ўсе. Праспалі цэрквы, якія былі не гатовы несці духовую праўду, — і прыйшлі кашпіроўскія. Праспалі чыноўнікі, не гатовыя да рэформаў, — і прышлі маўродзі з алігархамі. Па многіх пазіцыях праспала і інтэлігенцыя — і мы скаціліся ў эпоху, яшчэ горшую за пераспелы савок.

Я пэўны, у Курапатах Бог дае нам сёння бясспрэчныя знакі часу. Ад таго, як адкажам мы на іх і ці адкажам увогуле, залежыць тое, якім будзе заўтра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?