Парэшткі каля 600 вязняў Брэсцкага гета знайшлі на месцы будоўлі ў цэнтры горада, паведамляе «Вечерний Брест».

На рагу вуліцы Куйбышава і праспекта Машэрава ў Брэсце, дзе пачалося будаўніцтва жылога квартала, у студзені знайшлі масавае пахаванне часоў Вялікай Айчыннай вайны. Вядома, што на гэтай тэрыторыі ў перыяд акупацыі размяшчалася Брэсцкае гета.

У Брэсцкім гарвыканкаме 20 лютага адбылася сустрэча па пытаннях эксгумацыі і перапахавання парэшткаў вязняў гета. У ёй узялі ўдзел кіраўнікі яўрэйскіх суполак Брэста, прадстаўнікі будаўнічай кампаніі і інвестара.

Як паведаміла старшы інспектар аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Ала Кондак, цяпер паднялі парэшткі 600 чалавек, расстраляных падчас фашысцкай акупацыі. Пошукавыя работы працягваюцца. Кожны дзень байцы пошукавага батальёна падымаюць каля сарака парэшткаў. Асабістых рэчаў загінулых знаходзяць зусім мала.

Старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Рагачук падкрэсліў, што раскопкі будуць працягвацца да таго часу, пакуль усе астанкі не падымуць на паверхню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0