Мсьціслаўскі раённы аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу па факце ўжываньня гвалту супрацоўнікам міліцыі супраць двух грамадзян. Свабода пагаварыла з пацярпелым.

Першым інфармацыю апублікаваў ў Telegram блогер Nexta.

Ва ўправе Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці паведамілі, што супраць былога ўчастковага інспэктара 1986 году нараджэньня была заведзена справа за перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў, учыненае з карысьлівай або іншай зацікаўленасьці (3-я частка 426 артыкула КК).

Як стала вядома Свабодзе, ад гвалту ўчастковага інспэктара пацярпелі двое жыхароў вёскі Каробчына, якіх затрымалі за адміністрацыйныя правапарушэньні. Адбылося гэта 16 лістапада 2018 году ў памяшканьні Мсьціслаўскага райаддзелу міліцыі.

6 лютага 2019 году міліцыянта, які меў званьне малодшы лейтэнант, звольнілі, кантракт зь ім скасаваны датэрмінова, на яго завялі крымінальную справу.

Адзін з пацярпелых паведаміў Свабодзе, што будзе дамагацца пакараньня вінаватых у парушэньні ягоных правоў. Ён ведае, што супраць былога міліцыянта распачатая крымінальная справа і абставіны здарэньня яшчэ расьсьледуюцца. Мужчына настойвае, што супрацьпраўныя дзеяньні чыніў ня толькі звольнены ўчастковы інспэктар, але яшчэ і 7 ягоных калегаў.

«Таму я не зьбіраюся ўсю віну ўскладаць на аднаго, — кажа пацярпелы. — Там было 8 супрацоўнікаў у форме. Сямёра дагэтуль працуюць. Тое, што знойдзены «ахвярны казёл» — гэта мне не цікава. Проста так справу я не зьбіраюся кідаць».

Пацярпелы адмовіўся гаварыць пра абставіны інцыдэнту ў міліцэйскім пастарунку.

Сваяк аднаго з пацярпелых сказаў Свабодзе, што двое мужчын у дзень інцыдэнту прыйшлі ў пашпартны стол. Міліцыянтаў абурыла, што мужчыны нібыта былі нападпітку. Іх завезьлі ў пастарунак і там пачалі зьбіваць дубінкамі. Аднаму зь іх так пашкодзілі нагу, што пасьля давялося накласьці гіпс.

Другі пацярпелы пазьней таксама абяцаў выказаць Свабодзе сваю пазыцыю.

Міліцыянту, якога вінавацяць у перавышэньні службовых паўнамоцтваў, пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?