Сімпатыі Расіі на ўкраінскіх выбарах абазначыліся: расійскія СМІ атакуюць прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку і маўчаць пра ягоных канкурэнтаў. Аднак такія атакі толькі дапамаглі Парашэнку ўмацаваць свой імідж дзяржаўніка.
Новае апытанне грамадскай думкі, праведзенае аўтарытэтным Цэнтрам сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў «Соцыс», паказала, што адрыў Парашэнкі ад Зяленскага скараціўся, а Юлія Цімашэнка, наадварот, адстае.
Сярод тых, хто абавязкова будзе галасаваць і вызначыўся з выбарам, 23,8% апытаных аддалі б галасы за Уладзіміра Зяленскага, 20,3% — за Пятра Парашэнку, 15,9% — за Юлію Цімашэнка.
Каля 20% выбаршчыкаў яшчэ не ведаюць, за каго аддадуць свой голас, і такая ж колькасць вагаецца, ці ісці на выбарчыя ўчасткі.
На старце прэзідэнцкай гонкі наперадзе ішла Цімашэнка.
Рэйтынгі астатніх кандыдатаў застаюцца практычна нязменныя.
Юрый Бойка, які абапіраецца на прарасійскіх выбарцаў усходу і поўдня, збірае 11,5%.
Былы міністр абароны Грыцэнка, якога падтрымліваюць антыалігархічныя і празаходнія колы, — 6,6%.
Папуліст Ляшко можа разлічваць на 5,5%.
Мэр Львова Садовы набірае 3,2% галасоў.
Кандыдат ад нацыяналістаў з аб'яднання «Свабода» Кашулінскі можа разлічваць толькі на 0,9% галасоў. Не сабралі падтрымкі і былы кіраўнік Службы бяспекі Украіны Налівайчанка ды паплечнік Юшчанкі Раман Бяссмертны, якія таксама арыентуюцца на патрыятычны электарат. Галасы нацыянал-дэмакратаў усё ж акумулююць Парашэнка, Грыцэнка і Садовы.
Пятро Парашэнка карыстаецца найбольшай падтрымкай у Кіеве, на захадзе і ў цэнтры Украіны. Ён у сваёй агітацыі робіць акцэнт на ўмацаванне арміі і нацыянальнай ідэнтычнасці. У прыватнасці, яму ўдалося дабіцца прызнання аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Акрамя таго, Парашэнка падкрэслівае, што ўдалося дабіцца эканамічнай стабілізацыі, заробкі растуць. Крытыкі Парашэнкі вінавацяць яго ў кансервацыі алігархічнага кантролю над эканомікай і вывадзе сродкаў у афшоры.
Зяленскі найбольш папулярны на поўдні і ўсходзе Украіны, за яго гатовы галасаваць пратэставы электарат. Крытыкі адзначаюць яго цесную сувязь з алігархам Ігарам Каламойскім. Шоу Зяленскага выходзіць на тэлеканале, які належыць Каламойскаму. Акрамя таго, ставіцца пад сумнеў здольнасць Зяленскага быць галоўнакамандуючым і крытыкуюць яго няўменне гаварыць па-ўкраінску.





