Сёлета ўлады знайшлі больш дзейсную меру барацьбы супраць СМІ, чым прыпыненьне выхаду на тры месяцы. Прэсу без прычыны адмаўляюцца друкаваць, выкідваюць з падпісных каталёгаў і газэтных шапікаў. Пацярпелі 17 выданьняў, у тым ліку «НН», «Народная воля», «Рэгіянальная газета», «Салідарнасць» (апошняя змушана прыпыніла існаваньне).

Рэпартэр мусіць прарывацца да эпіцэнтру важных падзей, бо любы чыноўнік можа адмовіць у акрэдытацыі ды не пусьціць нават у залю паседжаньняў, суд ці на завод. 25 такіх выпадкаў зафіксавана за 2005 год у Менску, Пінску, Ганцавічах, Гомелі, Смургонях, Горадні, Баранавічах.

Хоць свабода слова гарантуецца канстытуцыяй, незалежныя СМІ разглядаюцца як падрыўныя. Журналістаў затрымліваюць. Польскіх журналістаў у ліпені затрымалі за тое, што яны асьвятлялі падзеі вакол Саюзу палякаў. Затрымалі, бо «кепска былі бачныя пячаткі на пасьведчаньнях». Пакуль рэпартэры знаходзіліся ў РУУС, іх відэазапісы вынішчылі. Юлію Дарашкевіч, фатакора «НН», у сакавіку гарадзенскія амонаўцы гвалтоўна выдалілі зь месца правядзеньня акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

За апублікаваны матэрыял журналістам пагражае крымінальная справа аб паклёпе, як здарылася летась у дачыненьні да рэдактара «Борисовских новостей» Анатоля Букаса, альбо зьбіцьцё, як журналістам Алесем Абрамовічам.

Тым часам расьсьледаваньні па справе зьніклых і забітых журналістаў топчуцца на месцы. Справа аб забойстве Веранікі Чаркасавай прыпынена «ў сувязі зь немажлівасьцю ўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню да адказнасьці ў якасьці абвінавачанага». Па факце сьмерці Васіля Гроднікава пракуратура адмовілася заводзіць крымінальную справу. Завадзкі так і ляжыць недзе ў лесе.

Журналісты незалежных СМІ ўсьведамляюць, што іх чакае на доўгай дыстанцыі барацьбы за свабоду. Тую самую, якую гарантуе Канстытуцыя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?