Многія пагаджаюцца ў тым, што адміністрацыйная рэформа Беларусі даўно наспела. На выбарах 2010 года некалькі кандыдатаў, напрыклад, Алесь Міхалевіч і Віталь Рымашэўскі, нават уздымалі гэтае пытанне.

Пакуль улады не наважыліся на дробленне абласцей, але ўжо сёння можна было б адмовіцца ад некаторых раёнаў. На сёння ў Беларусі налічваецца 118 раёнаў. Якія адміністрацыйныя цэнтры можна скасаваць найбліжэйшым часам, каб зменшыць колькасць чыноўнікаў, зэканоміць грошы і пачаць рухацца ў бок больш глабальнай рэформы.

Адразу скажам, што гаворка тут не пра самыя малыя па насельніцтве раёны. Напрыклад, цяжка будзе расфарміраваць Расонскі раён. Ад яго дастаткова далёка да іншых цэнтраў. Так што ўлічваць будзем не толькі гэтыя фактары.

Раённыя цэнтры размешчаныя ў алфавітным парадку.

Бераставіцкі раён (15 440 чалавек па стане на 2018 год)

Знак у Вялікай Бераставіцы. Фота з Вікіпедыі.

Знак у Вялікай Бераставіцы. Фота з Вікіпедыі.

Гэты раён быў утвораны ў 1940 годзе, адразу па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР. Толькі тады ён меў назву Крынкаўскі (так, тыя самыя Крынкі, дзе жыў Сакрат Яновіч) і быў зусім не памежны. Аднак пасля вайны ладная частка раёна стала тэрыторыяй Польшчы. На сёння Бераставіцкі раён адзін з самых малых у краіне. За апошнія 23 гады яго насельніцтва скарацілася на чвэрць. Пры гэтым доўгі час дадзены рэгіён займаў вядучыя месцы ў краіне па ўраджайнасці. Адлегласць ад Вялікай Бераставіцы да Ваўкавыска складае 36 кіламетраў.

Бешанковіцкі раён (15 469)

Бешанковіцкі аўтавакзал. Фота fotobel.by.

Бешанковіцкі аўтавакзал. Фота fotobel.by.

Вузкі і прадаўгаваты раён ва ўсходняй частцы Віцебскай вобласці. З гэтай тэрыторыі родам канцлер ВКЛ Леў Сапега, а таксама міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў. Аднак на сёння Бешанковіцкі раён займае чацвёртае месца знізу па ўзроўні заробкаў у краіне. За гады кіравання Лукашэнкі насельніцтва тут таксама зменшылася на траціну. Бешанковіцкі раён можна было б спакойна падзяліць між Шумілінскім, Сенненскім, Чашніцкім і Віцебскім.

Воранаўскі раён (24 911)

Касцёл Божай Міласэрнасці ў Воранаве. Фота: Wikipedia.

Касцёл Божай Міласэрнасці ў Воранаве. Фота: Wikipedia.

Калісьці Воранаўскі раён прырастаў за кошт іншага. У 1962 годзе да яго быў далучаны Радунскі раён, які скасавалі за непатрэбнасцю. У Воранаўскім раёне нарадзіўся адзін з галоўных паплечнікаў Лукашэнкі — Віктар Шэйман, хаця ягоны род з гістарычнай Наваградчыны. Воранаўскі раён унікальны тым, што больш за 80% мясцовага насельніцтва ўважаюць сябе за палякаў. Зрэшты, у Лідскім раёне, да якога мы прапануем далучыць Воранаўскі, палякаў не нашмат меней.

Дрыбінскі раён (9661)

Гасцініца ў Дрыбіне. Фота belhotel.by.

Гасцініца ў Дрыбіне. Фота belhotel.by.

Ужо двойчы ў гісторыі ўлады ліквідоўвалі Дрыбінскі раён — у 1931-м і 1959-м. Аднак у 1989-м Дрыбін зноў стаў адміністрацыйным цэнтрам у сувязі з масавым пераездам у рэгіён жыхароў Краснапольскага раёна, які трапіў на забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі. Насельніцтва раёна складае ўсяго 12 тысяч жыхароў. Гэты раён трапляе ў спісы тых рэгіёнаў, якія найхутчэй выміраюць. Дрыбінскі раён можна было б падзяліць між Горацкім, Шклоўскім і Мсціслаўскім.

Ельскі раён (15 128)

Ельск з вышыні. Фота fotobel.by.

Ельск з вышыні. Фота fotobel.by.

Ці шмат вы чуеце навін з Ельскага раёна? Апошняе, што ўспамінаецца, як туды з Мінска вывезлі актывістак Femen. А калісьці Ельскам валодалі выхадцы з Францыі, шляхецкі род Спадаў. А сам населены пункт называўся Каралін. Толькі ў 1931-м годзе Каралін стаў Ельскам, а яшчэ праз сем гадоў атрымаў статус пасёлку гарадскога тыпу. Адметна, што ў 1960-я ад Ельскага раёна адлучыўся Нараўлянскі. Насельніцтва Ельскага раёна імкліва змяншаецца. Падзелены раён мог бы быць між Мазырскім, Лельчыцкім і Нараўлянскім.

Жабінкаўскі раён (24 329)

Станцыя Жабінка. Фота railwayz.info.

Станцыя Жабінка. Фота railwayz.info.

Ад Жабінкі да Брэста менш за 30 кіламетраў. Жабінкаўскі раён багаты вытворчасцю: там маецца цукровы завод, камбікормны, торфабрыкетны. Насельніцтва яго таксама не змяншаецца, але вялізная колькасць людзей проста ездзіць на працу ў Брэст. Чаму б раён і афіцыйна не замацаваць за абласным цэнтрам?

Капыльскі раён (27 901)

У цэнтры Капыля. Фота euroradio.fm.

У цэнтры Капыля. Фота euroradio.fm.

Выглядае ці не самым слабым раёнам Мінскай вобласці. Насельніцтва рэгіёна змяншаецца вельмі імкліва. У горадзе фактычна няма ніякай буйной вытворчасці, апроч завода слуцкіх сыроў. Капыльшчына багаты культурна і гістарычна рэгіён: тут праходзіла Слуцкае паўстанне, пра раён пісаў Купала, тут нарадзіліся Кузьма Чорны і Алесь Адамовіч. Але на сёння Капылю патрэбная ці моцная перазагрузка, ці ліквідацыя. Раён можа быць падзелены між Салігорскім, Слуцкім, Стоўбцоўскім, Нясвіжскім.

Кармянскі раён (13 213)

На цэнтральнай плошчы Кармы. Фота gp.by.

На цэнтральнай плошчы Кармы. Фота gp.by.

У Кармянскага раёна таксама няпростая гісторыя. Яго перадавалі, то да Рагачоўскага, то да Чачэрскага. Раён вельмі моцна пацярпеў ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Каб Карма засталася ў межах Гомельскай вобласці, то раён мог быць падзелены ўсё паміж тымі самымі Рагачоўскім і Чачэрскім раёнамі. Гэта другі самы бедны раён у краіне. Летась сярэднія заробкі там складалі ўсяго 524 рублі.

Карэліцкі раён (19 691)

Фэст ля Мірскага замка. Фота dili.by.

Фэст ля Мірскага замка. Фота dili.by.

Першым адміністрацыйным цэнтрам гэтага раёна было мястэчка Валеўка, цяпер яна аграгарадок і ўваходзіць увогуле ў склад Навагрудскага раёна. У 1962-м Карэліцкі раён ужо ліквідоўвалі, у 1965-м — аднавілі. Карэліцкі раён з’яўляецца аб’ектам цікаўнасці турыстаў з Беларусі і замежжа, бо тут знаходзіцца Мірскі замак. У выпадку рэформы альбо ў Нясвіжскім раёне, альбо ў Навагрудскім паболее гістарычных славутасцяў.

Кіраўскі раён (19 106)

Кіраўск рыхтуецца да абласных Дажынак. Фота mogilevnews.by.

Кіраўск рыхтуецца да абласных Дажынак. Фота mogilevnews.by.

Гэты раён утварылі, узяўшы пакрыху ў Бабруйскага, Клічаўскага, Быхаўскага і Рагачоўскага. Назва раённага цэнтра абсалютна штучная, яго назвалі ў гонар першага сакратара Ленінградскага абкама Сяргея Кірава. Раней населены пункт на гэтым месцы называўся Старцы. У Кіраўскім раёне быў некалі легендарны калгас «Рассвет», якім кіраваў Васіль Старавойтаў. На сёння асаблівага сэнсу ў існаванні асобнай адміністрацыйнай адзінкі з цэнтрам у Кіраўску няма.

Круглянскі раён (13 827)

Помнік расійскаму генералу Чарняеву ў Круглянскім раёне. Фота tvmogilev.by.

Помнік расійскаму генералу Чарняеву ў Круглянскім раёне. Фота tvmogilev.by.

І ў дачыненні да Круглянскага раёна ліквідацыя была б зусім не першай: раён скасоўвалі ўжо двойчы, але потым аднаўлялі. У Круглянскім раёне ёсць помнік рускаму генералу, рэдактару газеты «Рускі мір» Міхаілу Чарняеву, які жыў тут напрыканцы ХІХ стагоддзя. Раён невялікі, стратэгічнага значэння не мае, і можа быць лёгка падзелены між Шклоўскім, Крупскім і Талачынскім раёнамі.

Лёзненскі раён (15 734)

Такім Лёзна бачыў Марк Шагал.

Такім Лёзна бачыў Марк Шагал.

Калісьці тут быў зроблены замах на першага прэзідэнта Беларусі, тады, праўда, яшчэ кандыдата ў прэзідэнты. А на сёння Лёзненскі раён — адзін з самых імкліва выміраючых у краіне.

Можа быць падзелены між Віцебскім, Аршанскім і Дубровенскім раёнамі.

Лоеўскі раён (11 799)

Танкі ў Лоеве. Фота fotobel.by.

Танкі ў Лоеве. Фота fotobel.by.

Займае пятае месца сярод самых бедных раёнаў краіны. Хаця тут праходзіць мяжа з Украінай, працякае Дняпро. Лоеў не стаў прыцягальным цэнтрам для жыхарства. Раён можа быць падзелены між Рэчыцкім і Брагінскім.

Ляхавіцкі раён (25 436)

Забудова ХІХ стагоддзя ў Ляхавічах. Фота radzima.org.

Забудова ХІХ стагоддзя ў Ляхавічах. Фота radzima.org.

У Ляхавічах ёсць малаказавод, вырабляюць кансервы, робяць брыкет, апрацоўваюць лён. Гэта зусім не самы дэпрэсіўны раён Беларусі, але зусім блізкае геаграфічнае размяшчэння ад Баранавічаў робіць Ляхавіцкую адміністрацыйную адзінку не зусім мэтазгоднай у сённяшняй Беларусі.

Шаркаўшчынскі раён (14 781)

Цэнтральная раённая бальніца ў Шаркаўшчыне. Фота shcrb.by.

Цэнтральная раённая бальніца ў Шаркаўшчыне. Фота shcrb.by.

Вядомы найперш тым, што афіцыйна з’яўляецца самым бедным раёнам краіны. Гэта адзіны рэгіён, дзе заробкі летась былі меншымі за 500 рублёў. У Шаркаўшчынскім раёне ёсць фантастычна прыгожы заказнік «Ельня», але шмат на турызме зарабляць там яшчэ не навучыліся. Прадпрыемствы раёна ж знаходзяцца не ў самым добрым стане. Падзяліць раён можна было б між Браславам, Глыбокім і Паставамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?