У 2005 годзе Соф’я Дзяркач заспявала ўласную песню ў эфіры Беларускага радыё. Народжаная за тры гады да абвяшчэння БНР, на сваё 90-годдзе яна выступала ўжо на радыё незалежнай Беларусі.
«Дзякуючы таму эфіру я зразумеў, што бабуля ўсё жыццё была творцам, самародкам з вёскі, але гэта неяк прайшло міма мяне,» — кажа яе ўнук Андрэй Дзяркач.
«Памятаю, аднойчы, калі я чарговым летам у вёсцы намагаўся стварыць на гітары свой першы блюз, яна прасіла мяне што-небудзь цікавае сыграць, але я так ніколі і не зрабіў гэтага для яе.
І саромеўся, і быў упэўнены, што яна не зразумее…»
Шкадуючы, што так і не насмеліўся заспяваць разам з бабуляй, Андрэй (ён працуе на «Голасе Амерыкі» ў Вашынгтоне), вырашыў зрабіць аранжыроўку яе спеву. Вынік заварожвае — толькі паслухайце:
Андрэй кажа, што даўно займаецца музыкай — піша песні, робіць аранжыроўкі на беларускія народныя спевы — але толькі зараз набраўся мужнасці выкласці творы ў сеціве.
«Беларускую музычную культуру лічу адной з найбагацейшых і найстаражытнейшых у свеце, недаацэненай — перадусім самімі беларусамі».
«Я кажу не пра калгасныя савецкія спевы, якія выдаваліся за беларускі фальклор, а пра песні, якія існавалі ў нас стагоддзямі, можа, і тысячагоддзямі, — кажа Андрэй. — Яны настолькі містычныя, сімвалічныя, яны грунтуюцца шмат у чым на паганскіх традыцыях нашых продкаў (ці на сімбіёзе паганства і хрысціянства — як і нашы традыцыйныя святы). Слухаць іх і намагацца зразумець — гэта як шукаць ключ ад дзвярэй, адчыніўшы якія мы ўрэшце знойдзем сябе».
«Кожная не забытая, ушанаваная песня — гэта спроба папрасіць прабачэння ў нашых продкаў за тое, што не абаранілі іх спадчыну, забыліся на яе».
«Сваёй аранжыроўкай я таксама прашу прабачэння — толькі асабіста ў маёй бабулі».
Песню таксама можна паслухаць на SoundCloud. За творчасцю Андрэя можна сачыць на яго старонцы ў Facebook.





