На відэа — з 51:00.

— Хто прапанаваў табе стаць даверанай асобай Лукашэнкі?

— Калі гэта было? Я ўжо і не памятаю.

— Як гэта адбываецца? Ты сядзіш дома, табе тэлефануюць: «Люба, Радзіма кліча!»

— Не памятаю. Не памятаю, але гэта дакладна было з каманды, якая займаецца перадвыбарчай кампаніяй. Я нават імя не памятаю таго, хто мне тэлефанаваў.

— Ты адразу прыняла рашэнне?

— Не. Я, дарэчы, раілася.

— З кім?

— З дарадцам.

— Віця (муж)? Альбо Ляпарская (трэнерка)?

— І ў Ірыны Юр’еўны таксама пыталася, і ў Віці, натуральна. Таму што ну як гэта? Жонка кудысьці сышла, а ён не ведае, куды. Гэта таксама няправільна. Я ведала ўсе мінусы і плюсы таго, што адбываецца. І тое, што будзе адбывацца са мной, і тое, што будуць такія пытанні задаваць.

— Ну давай коратка — мінусы і плюсы.

— Коратка?

— Адзін, два, тры.

— Мой узрост. Адпаведна мая аўдыторыя магла захейціць і не ўспрыняць. Дарослыя, магчыма, не ўспрымалі ўсур'ёз. Шмат момантаў. Але насамрэч, калі адбываліся сустрэчы з выбаршчыкамі, у школах ці на нейкіх прадпрыемствах, мне асабіста зносіны з гэтымі людзьмі прыносілі задавальненне, я больш паверыла нават у наш народ. Класныя людзі ўсюды працуюць.

— Пра людзей у мяне нуль пытанняў. У мяне толькі пра аднаго чалавека — пра Лукашэнку. Ты сапраўды верыш у яго? Табе ён сапраўды шчыра падабаецца? Альбо ты разумела, што гэта дапаможа табе ў кар’еры?

— А ў чым мне гэта дапаможа? Вось знайдзіце, у чым мне дапаможа. Як трэнеру дапаможа?

— Ты не толькі трэнер. Ты таксама ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

— Гэта грамадская нагрузка. Гэта асабіста мне ніякая не фінансавая выгада, не дапамога.

— Прасоўванне.

— Куды? Гэта так дзіўна, што многія так думаюць, а я такая звычайная Люба Чаркашына. Я буду там, дзе я хачу быць, — гэта 100%! Я прыкладу максімум намаганняў, але гэта ніколі не будзе звязана з тым, што «я пайду туды, бо потым мне за гэта будзе». Не.

— Мы з табой прыкладна аднаго ўзросту, і я хачу спытаць: у цябе ніколі не было думкі пра тое, што ўсё маё жыццё ў маёй краіне толькі адзін прэзідэнт. І гэта жудасна. Кожны дзень ты ўключаеш тэлевізар, кожны дзень ты ўключаеш навіны… Ты ведаеш, што вакол вельмі шмат таленавітых людзей, нават у яго камандзе, як бы я не ставілася да яго, ёсць таленавітыя людзі, здольныя, на мой погляд, яго замяніць. Але проста канца-краю гэтаму няма.

— Я думаю, што ёсць і канец, і край. Нельга так думаць, што «няма канца-краю». Па-другое, нельга настолькі, я не ведаю, агрэсіўна і адразу ў штыкі ўспрымаць тое, што ў нас ёсць цяпер. Я зараз не спрабую кагосьці абараніць, проста хачу патлумачыць сваё разуменне і сваю пазіцыю. Усё ж такі не адзін чалавек у краіне робіць тое, што адбываецца. Гэта першае. Мы ўсе людзі, мы ўсе грамадзяне сваёй краіны, і ў нашых руках вельмі многае. Проста вельмі шмат мы самі не разумеем, вельмі шмат мы самі не хочам мяняць і рабіць. Зноў жа, паўтаруся: не адзін чалавек робіць краіну. Значыць, мы робім нейкія рэчы: ці добрыя, ці дрэнныя. Гэта абсалютная праўда, і гэта відаць і па-іншых краінах, калі мы паглядзім, дзе таксама доўгі час адзін і той жа прэзідэнт. Постсавецкія краіны.

— Постсавецкія краіны, дзе вельмі сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека, свабодай у гэтых краінах.

— Я згодна. Але, зноў жа, ты сказала, што мы жывём у краіне з адным і тым жа прэзідэнтам. Але калі мы маленькія, мы вельмі шмат чаго не разумеем. І менавіта сур'ёзна, з галавой, мы не так доўга жывём у гэтай краіне.

— Нам з табой яшчэ пашанцавала.

— Мне цяжка меркаваць, што было б з нашай краінай, калі б цяпер быў іншы чалавек. Я, напэўна, у меншай ступені адчуваю злосць. Я чытаю ўсе каментары, я ўсё разумею. Многія людзі па-свойму настроеныя, многія па-іншаму.

Мы павінны ведаць карцінку з усіх бакоў, а мы яе не ведаем, на жаль. Свет цяпер вар’яцее па ўсіх франтах, і не нам з многімі наймацнейшымі дзяржавамі змагацца, трэба сапраўды нейкую сярэдзіну захоўваць. Любыя такія рэзкія рэвалюцыйныя змены ў сучасным свеце моцна зварухнуць усё. Вельмі моцна. Таму, мне здаецца, трэба паступова ўсё рабіць. І, мне здаецца, Аляксандр Рыгоравіч таксама ўсё выдатна разумее. Гэта маё меркаванне, простага чалавека меркаванне. Я заўсёды кажу пра тое, што мы павінны хаця б уявіць сябе ў яго шкуры. Уявіце, калі хейцяць трэнераў: «Вось Казека, не паказаў вынік!» А яму як? На Аляксандра Рыгоравіча нешта кажуць, на нейкіх міністраў. Проста ў гэты момант уявіце сябе на іх месцы. Як бы вы сябе паводзілі? Ці змаглі б вы?

— Калі я сябе ўяўляю, мне хочацца верыць, што мне хапіла б сумлення. Я веру, што любая ўлада павінна змяняцца. Нават калі ўявіць, што ён добры прэзідэнт.

— Я згодна, таму што перад вачыма шмат краін, дзе гэта норма, дзе гэта абсалютна нармальна. І людзі да гэтага звыклыя. Яны разумеюць, як гэта адбываецца, разумеюць, як прыходзяць да ўлады. Разумеюць, за каго яны галасуюць. Але ўсім постсавецкім краінам трэба больш часу, чым той жа Еўропе.

— Для чаго гімнасткі, і не толькі гімнасткі, прысутнічаюць на нейкіх там публічных мерапрыемствах побач з прэзідэнтам? Я не магу зразумець.

Гімнастка Ксенія Санковіч побач з Аляксандрам Лукашэнкам.

— Калі мы возьмем Ксенію Санковіч, то яна двухразовая прызёрка Алімпійскіх гульняў. І я думаю, яна там больш прысутнічае як спартоўка з лаўрамі.

— На хакеі?

— Працягну думку. Мы ўсе ведаем, наколькі наш прэзідэнт наогул паглыблена цікавіцца спортам. Ён любіць, калі побач з ім заслужаныя спартоўцы.

— Мне здаецца, ён любіць, калі побач з ім прыгожыя жанчыны, маладыя.

— Гэта ўжо пытанні да Аляксандра Рыгоравіча, не да мяне. Мы чапляемся за чалавека, каб нешта раскалупаць, але калупаць там няма чаго. Гэта нармальна пайсці на хакей. Ну гэта крута, напэўна, пайсці на хакей у такой свіце. Я не ведаю.

— Цябе запрашалі на хакей так?

— Я не аматарка хакея.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру