Кораценька з таго, што я асабіста пачуў падчас Вялікай размовы з прэзідэнтам. Адразу прабачаюся за магчымае непаразуменне некаторых прамоўленых прэзідэнтам момантаў, але ж я просты грамадзянін Рэспублікі Беларусь, выхаваны, як і ён, у вёсцы, пачуў менавіта наступнае (мо які гарадскі пачуў што іншае, але менавіта на тое ў нас два вухі на галаве, каб чуць адначасова розныя рэчы):

— Мы — незалежныя, але рускія. Канешне ж са знакам якасці! і таму хай лепш Расія ў нас уступае. А прымушаць мы іх не збіраемся: захочуць — выйдуць. Ці як мінімум наш прэзідэнт хай кіруе усім Саюзам;

— Прэзідэнт распрацаваў суперканцэпцыю 30:30:30. Гэта, калі што, доля гандлю на розных накірунках: Расія там, Еўразвяз і іншыя. Цікава, праўда, што ў школе мяне вучылі пра 100%. Але тое, мабыць, была няправільная школа і цяпер вучаць больш патрэбным рэчам.

— Прэзідэнт сёння рэкламаваў нейкія брэнды лыжаў. Каюся, бо я іх не запомніў. Але затое яму бясплатна дасталіся 30 пар лыжаў, на якіх цяпер катаюцца дзеці ў школе яго малодшага сына. У мяне ўзнікла ідэя: паколькі па тэлебачанні амаль кожны дзень прэзідэнт гаворыць пра спорт, то хай дадае і назвы тых забугоўскіх брэндаў, якіх я пакуль яшчэ не запомніў. Мо тады ў кожнай, а не толькі адной нашай школе дзеці будуць катацца на файных лыжах.

— Яго спартыўнай куртцы — 12 гадоў, а шапку ўвогуле падаравала Дар’я Домрачава. Вось гэта зайздросны ўзровень ашчаднасці і патэнцыйная рэклама для сэканхэндаў, якімі забітая краіна.

— Беларуская мова нам не трэба, а тым больш яна непатрэбная суддзям у гэтай дзяржавы. Ініцыятыва Алега Трусава з эканоміяй дзяржсродкаў на перакладчыках з беларускай праляцела як фанера над Парыжам. Дакументы на беларускую мову перакладацца не будуць, бо гэта супервялізныя грошы для бюджэту краіны. Мяне, праўда, наведала думка: чаму ў такім разе гэтая краіна называецца Беларусь? Але прэзідэнт — малайчына і адразу прыдумаў рашэнне: хай дакументы перакладае Алег Трусаў са сваім нейкім там Нацыянальным універсітэтам, і за тое атрымае пару капеек. Вось так мы зэканомім супервялізныя грошы і тым самым вырашым шматлікія праблемы.

— Стоп! Мова ўсё ж патрэбная, бо без яе няма народа. Тут пайшла адсылка да спадара Марзалюка. Карацей, да яго ўсе пытанні, калі штосьці не разумееце.

— Мінулага міністра адукацыі знялі за тое, што ў Мікалая Лукашэнкі ў школе гадзін англійскай мовы было больш, чым гадзін рускай. І, між іншым, Мікалай Лукашэнка ў хакей гуляе значна лепш, чым ахоўнікі Пуціна. Шкада, што яму будзе замала гадоў да часу хатняга чэмпіянату свету па хакеі. У такім разе ў нас сапраўды быў бы шанец!

— І ў працяг. Для мяне вельмі істотна як для выбаршчыка: прэзідэнт любіць футбол і нават глядзіць Англійскую прэм’ер лігу па «Беларусь-5». Як і я! Праўда, я не бачыў там узгаданыя прэзідэнтам матчы іспанскай і італьянскай лігаў. Але, мабыць, у яго нейкі спецпакет на «Залі».

— Хлопец з нейкай вёскі на адлегласці ў чатыры рублі ад Слуцка нерэальна хайпануў. Мяне ажно прабіў на слязу! У яго школе няма трэнажорнай залі. Таму ён сабраў у нейкім хлеўчыку самаробны турнік ды штангу. Хоча ў вайсковую вучэльню. Вось мужыкі растуць!

— Ага, з мужыкамі, насамрэч, у Беларусі бяда. Але жанчыны павінны нараджаць. Два дзіцяці — для сябе, а трэцяе — гэта прэзідэнта. У Манголіі, дарэчы, штосьці падобнае было, Кожны пяты, здаецца, жыхар там цяпер лічыць сябе нашчадкам Чынгісхана.

— Біл Клінтан, гэта каторы быў амерыканскім прэзідэнтам і сядзеў у Беларусі на лаве, амаль сябар нашага прэзідэнта і яны падтрымоўваюць добрыя стасункі.

У такім духу можна яшчэ на пару тысяч словаў. Але, калі сур’ёзна, то сямігадзінны амаль маналог таго, каго мы лічым «праваслаўным хрысціянінам», быццам па гадзіне на кожны са смяротных грахоў, не стаўся адкрыццём.

Усё з прамоўленага ўжо ня раз чулі. Але чулі без наяўнасці прадстаўнікоў СМІ, якія пазіцыянуюць сябе як «незалежныя».

І толькі дэпутатка Алена Анісім, эканаміст Яраслаў Раманчук, мільянер Аляксандр Машэнскі ды рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч паспрабавалі намацаць тое істотнае, што, на маю думку, турбуе простых грамадзянаў. Але прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ў выніку даўно апрабаваным метадам перадзыгвання з пятага на дзясятае ўсё звёў да таго, што не сказаў нічога, прагаварыўшыся, між іншым толькі пра тое, што для нас найбольшая пагроза — гэта «сацыяльная рэвалюцыя».

Навошта прыйшлі астатнія журналісты? Дзе сапраўды важкія пытанні, якія турбуюць людзей? Напрыклад,

— падзенне ўзроўню жыцця, асабліва ў рэгіёнах;

— стварэнне новых працоўных месцаў,

— рост міграцыі,

— рознасць у заробках мужчын і жанчын, якія ў краіне, дзе толькі адзін сапраўдны «мужык» ужо даўно на пазіцыі моцнай паловы, і тое датычыць не толькі спорта,

— узровень падрыхтоўкі беларускіх вайскоўцаў (як увогуле юнак можа стаць «мужыком», калі ў сённяшнім войску галоўная праблема — гэта чым заняць салдата) і мадэрнізацыі Войска,

— амністыя для зняволеных па 328-м артыкуле і іх сацыялізацыя…

Што для мяне асабіста было найцікавей і лічу найлепшым у выступе Аляксандра Лукашэнкі. Гэта думка (яго думка) пра адсутнасць нацыянальнай ідэі, якая б аб’яднала народ і якая б гучала ў сэрцы чалавека.

Цікава, што амаль тры дзесяцігоддзі выбудоўваецца краіна, 25 гадоў існуе дзеючая сістэма, а ідэлогіі — няма. Сапраўды, «За моцную і квітнеючую Беларусь!» надта абагульнены і значна саступае «Жыве Беларусь!», вытокі якога сягаюць у пачатак ХХ стагоддзя. Такім чынам, Аляксандр Лукашэнка задумваецца наконт таго, што пакіне нашчадкам на гэтым «лапіку» зямлі. І яму, як чалавеку «себялюбівому» карціць тое, як яго будуць ацэньваць у будучым.

Найгоршае ў выступе прэзідэнта — столькі ўвагі на «Рускім свеце» і ўзгадка пра «польскую карту» з межамі да верасня 1939 года.

Калі ж з гэтым ужо завяжуць? Людзей недалёкіх не бракуе як сярод тых, «Іншых», так і тых, каторыя «Свае». Хіба ў нас няма тых, хто сур’ёзна кажа пра Смаленск, Вільнюс і Беласток?

Найцікавейшае пытанне: Алена Анісім.

Найлепшы выступ — Вадзім Гігін, з якім я нязгодны.

Але яго ўзровень дасведчанасці і красамоўства ў параўнанні з іншымі, у тым ліку незалежнымі журналістамі, значна вылучаецца ва ўсёй сямігадзіннай шматлітарнасці.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру