У ноч на 2 сакавіка ў мінскім гандлёвым цэнтры «Галілеа» (будынак аўтавакзала) здарыўся трагічны інцыдэнт — з трэцяга паверха упаў наведнік. Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі чытачы.
У інфацэнтры «Галілеа» пацвердзілі смерць наведніка, але адмовіліся ад каментароў. Міліцыя Кастрычніцкага раёна пакуль таксама не каментуе сітуацыю.
Тым часам «Укантакце» ў суполцы заўзятараў мінскага футбольнага «Дынама» з’явіўся допіс пра заўчасную смерць фаната Аляксея «Кашчэя». Збіраецца дапамога яго родным.
Аляксей «Кашчэй». Фота «Укантакце»
«Ці не ён сёння ўначы ў гандлёва-забаўляльным цэнтры «Галілеа» зваліўся ў лесвічны пралёт з трэцяга паверха, катаючыся на парэнчах?», — удакладніў адзін з заўзятараў. «Ён», — адказалі яму.
Карыстальнік, які паведаміў «Укантакце» акалічнасці здарэння, не стаў дадаткова расказаць сітуацыю карэспандэнту «Нашай Нівы». «Я проста чуў пра гэта», — адказаў ён.
Tut.by удакладняе, што кампанія з шасці чалавек адпачывала ў гандлёвым цэнтры. Калі маладзёны спускаліся ўніз з трэцяга паверха, адзін з іх вырашыў з'ехаць на парэнчах, але не ўтрымаўся, зваліўся і разбіўся насмерць.
Пазней у Следчым камітэце пацвердзілі, што «у ноч на 2 сакавіка 28-гадовы мужчына ў ГЦ «Галілеа» на лесвічным пралёце спускаўся ўніз па парэнчах, у выніку чаго зваліўся і быў смяротна траўмаваны».
Праводзіцца праверка. Вывучаюцца запісы камер відэаназірання. Прызначана судова-медыцынская экспертыза.





