У канцы лютага на сваёй старонцы ў фэйсбуку Марына апублікавала фотаздымак жанчыны, якая да сёння лічацца зніклай без вестак.

Марына Сакалоўская расказвае:

«У ЗША справы па зніклых без вестак не закрываюць да таго часу, пакуль не стане вядома, што ўсё ж такі здарылася з чалавекам, няхай ён прапаў нават 100 гадоў таму. Таксама і па знойдзеных, але не апазнаных целах, шукаюць родных да апошняга, як і забойцаў, калі гэта крымінал. Здараецца, што целы добра апранутыя, дагледжаныя, маюць на сабе дарагія каштоўнасці, іх зубы ў добрым стане, а іх ніхто не шукае і ляжаць яны гадамі ў маразільных камерах».

Адна з такіх гісторый пра жанчыну, магчыма, з Беларусі.

Яе цела знайшлі ў штаце Масачусэтс 30 кастрычніка 1996 года. Мяркуецца, на той момант ёй было ад трыццаці да сарака пяці гадоў.

«Жанчыну забілі — па галаве ўдарылі, а затым у яе яшчэ стрэлілі не менш за 12 раз, — расказвае Марына Сакалоўская. — Ужо мёртвае цела загарнулі ў два смеццевыя мяшкі, затым у дзве коўдры і выкінулі ў ваду. У вадзе яна прабыла каля сутак, цела не паспела раскласціся, таму малюнак адпавядае таму, як жанчына магла выглядаць».

І вось на руцэ гэтай жанчыны быў надзеты залаты пярсцёнак са смарагдам.

«Эксперты ўстанавілі, што пярсцёнак зроблены ў Беларусі. І яшчэ адно: яе зубы былі адрамантаваныя відавочна не ў ЗША, магчыма, у Беларусі, Расіі ці Украіне. Ды і адбіткаў пальцаў не знайшлося ў базе краіны — жанчына магла патрапіць на тэрыторыю ЗША праз Мексіку».

За гады пошукаў Марыне Сакалоўскай удалося знайсці 121 чалавека, сярод якіх быў і Уладзімір Кандраценка з Гомеля.

«Я шукала яго чатыры гады. Таму хочацца верыць, што і ў невядомай з Масачусэтса таксама ёсць шанец».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?