Сёння ў 12.30 суд Заводскага раёна Мінска (слуханне і абвяшчэнне праходзіла ў судзе Маскоўскага раёна) абвясціў прысуд па «справе БелТА». Суд прызнаў Золатаву вінаватай і прысудзіў да штрафу ў памеры 300 базавых велічыняў (7 650 рублёў). Падпіска аб нявыездзе застаецца ў сіле да ўступлення прысуду ў законную сілу.

Суддзя Аляксандр Петраш таксама пастанавіў спагнаць з Золатавай 6 тысяч рублёў на карысць БелТА за паслугі адвакатаў. Па рашэнні суда журналістам Tut.by будуць вернутыя канфіскаваныя тэлефоны і дыскі.

Працэс над Марынай Золатавай пачаўся 12 лютага. Яму папярэднічала шумная прапагандысцкая кампанія ў лукашэнкаўскіх СМІ.

Галоўрэда Tut.by абвінавачвалі па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі, а таксама абмежаванне прафесійнай дзейнасці. Пракурор запатрабаваў асудзіць да штрафу ў 1000 базавых велічыняў (25 500 рублёў).

«Гэты працэс адбіўся не столькі на рэпутацыі Tut.by, колькі на рэпутацыі ўсіх яго ўдзельнікаў, уключна з рэпутацыяй дзяржаўных СМІ. А Беларусь зноў з'явілася ў загалоўках замежных медыя як дзяржава, дзе падаўляецца свабода слова. Медыясупольнасць унутры краіны аказалася расколатай, паміж дзяржаўнымі і недзяржаўнымі СМІ вырасла сцяна. Гэта сведчыць пра тое, што той, хто прыдумаў гэты працэс, не вельмі сабе ўяўляў магчымыя наступствы», — сказала Марына Золатава ў заключным слове.

7 жніўня Марына Золатава была затрыманая разам з больш чым дзясяткаў журналістаў. Іх падазравалі ў праглядзе нататак дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА па закрытай платнай падпісцы. Двое сутак галоўрэд правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Рада Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Першапачаткова галоўнага рэдактара TUT.BY падазравалі адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, зроблены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) і ч. 2 арт. 425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы). Але абвінавачванне было прад'яўлена па апошняй. Яна адзіная з 15 журналістаў і рэдактараў некалькіх СМІ, якія праходзілі па справе, чыя справа дайшло да суда і ў дачыненні да каго следства не спыніла крымінальны пераслед. 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру