Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд былому галоўнаму патолагаанатаму Міністэрства аховы здароўя. Пакаранне 70-гадоваму Аркадзю Пучкову — 7 гадоў і 6 месяцаў у калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Аркадзя Пучкова абвінавачвалі па ч. 1, 2, 3 арт. 430 КК (Атрыманне хабару ў буйным і асабліва буйным памерах). Адзін з эпізодаў, які ў першапачатковым абвінавачанні кваліфікавалі па ч. 2 арт. 430 (Атрыманне хабару), трохі змякчылі. Зараз ён кваліфікуецца па ч. 1 гэтага ж артыкула. На першым пасяджэнні паведамлялася: віну патолагаанатам прызнаў і падчас папярэдняга расследавання аплаціў усю шкоду. Па дадзеных абвінавачвання, супрацоўнікі аддавалі яму па 10% ад заробку на працягу 13 гадоў.

Падчас судовых спрэчак пракурор запатрабаваў для Аркадзя Пучкова 9 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, дзяржабвінаваўца заявіў дадатковую суму шкоды больш за 29 тысяч рублёў і дзяржпошліну. Сваё рашэнне ён патлумачыў так: частка шкоды кампенсавана за кошт маёмасцi, на якую накладзены арышт, а яна падлягала ў будучыні канфіскацыі.

Аднак Аркадзь Пучкоў пазоў не прызнаў, заўважыўшы, што яны ўжо аплацілі суму шкоды — больш за 425 тысяч рублёў — і гэтая сума сама па сабе большая за тую, якую яму прад'яўлялі першапачаткова.

— Я пражыў доўгае жыццё, — казаў падчас апошняга слова Аркадзь Пучкоў. — За 46 гадоў маёй працоўнай дзейнасці я зрабіў, напэўна, шмат добрага людзям і сваёй дзяржаве. Калі мая праца выратавала жыццё чыіхсьці сваякоў і знаёмых, я лічу, што пражыў жыццё нездарма. Вядома, кожны чалавек у маім узросце думае, што будзе казаць апошняе слова ў коле сям'і і сваякоў. Тое, што я кажу гэтыя словы ў судзе, толькі мая віна. За сваё жыццё я не нажыў вялікіх матэрыяльных каштоўнасцяў і самае дарагое — гэта любоў блізкіх, павага супрацоўнікаў, прызнанне маіх заслуг дзяржаўнымі ўстановамі. Я ўсё перакрэсліў ўласнымі рукамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру